«Прастымулюйце людзей інвеставаць у сваю радзіму!». Топ-10 прапаноў, якія б дапамаглі развіццю малых населеных пунктаў
ці згодныя вы з ідэямі?
Віталь Каляда працуе адвакатам. Акрамя гэтага, мае ўласны хутар у вёсцы Слабодка, што ў Капыльскім раёне. Сядзіба з'явілася ў яго жыцці пяць гадоў таму, калі Віталь рашуча настроіўся аднаўляць малую радзіму: стала крыўдна, што дзедавы хата і сад прыходзілі ў заняпад, а сама вёска паціху пусцела.
19.07.2017 / 00:45
Віталь Каляда.
«У Слабодцы сталых жыхароў амаль няма, на зіму застаецца, можа, адзін чалавек. На лета прыязджае крыху больш. Па меры магчымасцяў я вёску ажыўляю. Спачатку расчысціў кавалак старога саду ад пустазелля, зацікавіўся садаводствам. У адным з дзедавых вулляў пачаў даглядаць пчол, патроху вучуся пчалярству. Таксама маю вінаграднік і невялікую сажалку з рыбай, а яшчэ агарод. Час ад часу палюю і займаюся рыбалоўствам. Паколькі гаспадарка вымагае пэўнага часу, усё менш езджу ў адпачынак за мяжу, часцей праводжу яго на хутары. Я бачу, што паступова ў вёску вяртаюцца і іншыя ўладальнікі, патроху адбудоўваць закінутыя дзялянкі: у сталіцы ці пад Мінскам усе адзін на адным сядзяць, а тут — сапраўднае казацкае раздолле, тут ты — сам сабе гаспадар», — дзеліцца сваімі поспехамі ды адкрыццямі гаспадар хутара.
З уласнай практыкі Віталь павыводзіў некалькі прапаноў да дзяржавы, якія б пазітыўна паўплывалі на працэс вяртання людзей у вёскі, што знаходзяцца за 100 і больш кіламетраў ад сталіцы, і, мабыць, натхнілі б іх на запуск новых прыватных спраў.
- Трэба дазволіць людзям мець ва ўласнасці не 25 сотак, а гектар зямлі і больш. Калі, напрыклад, адзін сад больш за гэтыя мізэрныя 25 сотак, як займець юрыдычныя гарантыі і не хвалявацца, што іх змогуць адабраць?
- Даць ільготы на інтэрнэт і абслугоўванне сістэмы відэаназірання. Чаму я павінен плаціць 400 рублёў за ўсталяванне бяспекі, а потым дадаваць 10 штомесяц? Уключыце сюды яшчэ інтэрнэт, падтрымку ліцэнзій на зброю, паляванне, рыбалоўства і гэтак далей. Уяўляеце, якія сумы за ўсё гэта набягаюць кожны месяц!
- Чаму б не зрабіць падатковы вылік хаця б на пэўную колькасць паліва? Калі за тыдзень праязджаеш 1000—1500 кіламетраў, гэта вельмі б’е па кішэні. А яшчэ лепш, канечне, знізіць падаткі з сум, накіраваных на развіццё хутара. Свае заробленыя грошы я выдаткоўваю не дзе-небудзь у Сіцыліі, а тут, у Беларусі. Фактычна за месяц я даю працу 2—3 людзям на сяле, а як мне за гэта аддзячыла дзяржава? Не па паняццях усё гэта, хлопцы.
- Дайце льготныя крэдыты на бурэнне свідравін для вады ці кампенсацыю тым, хто яе ўжо зрабіў! Шмат хто са знаёмых і ўладальнікаў хутароў падцвердзіць, што без гарачай вады цяжка завабіць на хутар жонак ці сябровак, асабліва з ліку гарадскіх, якія прызвычаілся да пэўнага ўзроўню камфорту. А трэба ж неяк заахвоціць жанчыну прамяняць Харватыю на мядзведжы кут за кальцавой!
- Дапамажыце з расчысткай дарог узімку і з абкосам летам, з расчысткай вадаёмаў. Нават звычайная донная каса для ачысткі багавіння каштуе 70 рублёў. А каб размясціць кантэйнеры для вывазу смецця, трэба спачатку абабіць не адзін ганак чыноўніка.
- Будматэрыялы таксама было б добра атрымліваць па льготных цэнах. Альбо хаця б мець падатковы вылік на гэта. Гаворка не ідзе пра нейкія палацы.
- Дайце зніжкі на паляўнічыя ваўчары ўладальнікам хутароў і гасцям у іх мясцовасці.
- Дазвольце гнаць самагонку! Калі маеш сад, чаму б не зрабіць уласны напой? Прыгадайце тут досвед Сербіі ці Балгарыі з іх слівовіцай.
- Прадастаўце магчымасць афіцыйна ствараць стралковыя ціры, каб можна было страляць на месцы, а не ехаць у сумніўны цір БТПР на другі край раёна. Канечне, усё гэта пры ўмовах забеспячэння правілаў бяспекі.
- Чаму я не магу прывезці з ЗША нармальны «рэднэкаўскі» пікап па даступным кошце? Калі б існавалі мытныя льготы на ўвоз машын, гэта потым зрабіла добрую паслугу і нам, і дзяржаве.
Віталь тлумачыць патрэбу ў зменах наступным чынам.
«Давайце казаць шчыра — сёння людзей вёскай не прывабіш. Гараджаніну, які прызвычаіўся да камфорту, сельскай рамантыкі хопіць на дзень-два. А сельская праца — вельмі цяжкая. Таму патрэбна інфраструктура, мінімальная хаця б: гарачая вада, туалет і інтэрнэт. Выбіць тую ж калонку — каштуе 1000—1500 даляраў. Для многіх людзей гэта непад’ёмныя грошы. Дзяржава можа, канечне, не даваць ільготы, але без іх прагрэсу не будзе. Карт-бланш прыватніку — лепш за ўсе дзяржпраграмы. У выніку ўсё гэта акупіцца, таму што мінчане і людзі з іншых буйных гарадоў будуць пераносіць частку грошай з Мінска ў рэгіён, даваць там працу мясцовым жыхарам, купляць нешта і гэтак далей».