Двух «чорных рыэлтараў» з Магілёва расстраляюць

21.07.2017 / 12:20

Магілёўскі абласны суд абвясціў прысуд па справе так званых чорных рыэлтараў, якія абвінавачваюцца ў забойстве шасці чалавек і падрыхтоўцы да здзяйснення забойства яшчэ траіх.

Судовае разбіральніцтва па гэтай гучнай справе доўжылася каля васьмі месяцаў. Кожнаму з фігурантаў было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх здзяйсненне забойстваў шасці чалавек і падрыхтоўка да здзяйснення забойства яшчэ траіх, выкраданне чалавека і падрыхтоўка да выкрадання, а таксама махлярства, разбой, вымагальніцтва, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.

У выніку галоўны фігурант Ігар Гершанкоў і яго паплечнік Сямён Беражной прысуджаныя да выключнай меры пакарання — расстрэлу.

Злачынствы адбываліся на працягу 6 гадоў — з 2009 па 2015 год. Ахвяр выбіралі з ліку адзінокіх грамадзян, якія злоўжывалі алкаголем. Карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам людзей, абвінавачаныя ўгаворвалі іх прадаць жыллё, а наўзамен абяцалі дапамагчы з набыццём новага. Пасля здзелкі кліентаў забівалі і хавалі ў загадзя выкапаных магілах.