«Дзеяслоў» ладзіць конкурс крытыкаў

09.09.2008 / 14:21

Часопіс «Дзеяслоў» абвяшчае конкурс літаратурна-крытычных твораў на тэму: «Беларуская літаратура ХХІ стагодзьдзя: постаці, тэндэнцыі, пэрспэктывы».

Да конкурсу прымаюцца літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ, рэцэнзіі, якія асьвятляюць сучасны літаратурны працэс. Да ўдзелу запрашаюцца маладыя крытыкі і літаратуразнаўцы,якія пішуць на беларускай мове. Для пераможцаў конкурсу будзе зладжаны сэмінар з майстар-клясамі вядомых беларускіх літаратараў і крытыкаў.

Па выніках конкурсу будзе выдадзена кніга.

Склад журы конкурсу: Міхась Тычына, Алесь Пашкевіч, Сяргей Дубавец, Ірына Шаўлякова, Анатоль Івашчанка.

Тэрмін падачы твораў: з 1 верасьня 2008 да 1 лютага 2009 г.

Дасылаць творы можна ў электронным (пажадана) ці рукапісным выглядзе на адрасы: dzieja-konkurs@tut.by або 220025, г.Менск-25, а/с 91 з пазнакай «на конкурс».

Дзейнічайце!