У Аўстраліі стварылі штучную кветку са складаным механізмам, і на яе паляцелі пчолы

Апошнія гады сусветная папуляцыя пчол змяншаецца вялікімі тэмпамі. Як мяркуюць навукоўцы, гэта звязана з выкарыстаннем фермерамі ўсё большай колькасці розных хімікатаў для апрацоўкі палёў ад шкодных насякомых. Гэта непасрэдна ўплывае на склад нектару ды пылка расліны. У Аўстраліі вырашылі прыцягнуць увагу да праблемы, стварыўшы штучныя кветкі, якія цалкам капіруюць свае прыродныя аналагі.

02.03.2018 / 21:50

За распрацоўку адказвае мастак Майкл Кэндзі. Створаныя ім кветкі маюць па чатыры пялёсткі жоўтага колеру, які быў падабраны такім чынам, каб быць максімальна падобным на колер кветак рапсу.

У цэнтры кожнай штучнай кветкі размяшчаецца трубка для падачы нектару, а вакол усталяваная сістэма падачы пылка з трыма штучнымі тычынкамі. У склад штучнага нектару ўваходзіць вада і цукар у прапорцыях, набліжаных да прапорцый у прыроднага нектару. З пылком жа паўсталі некаторыя цяжкасці: распрацаваць яго штучны аналаг пакуль што не атрымалася, таму для свайго праекта Майкл выкарыстаў сапраўдны пылок, сабраны з вулляў пчол.

Штучныя кветкі прыйшліся пчолам даспадобы.

На відэа бачна, як працуе сістэма падачы пылка і нектару ў такой кветцы, а таксама тое, як на гэта рэагуюць пчолы.

nn.by