«Малады фронт» супольна з БРСМ беларусізуюць Кобрын

«Нас успрынялі вельмі спакойна і адэкватна, — кажа лідэр мясцовай філіі МФ. Прадстаўнік БРСМ пагадзіўся з тым, што зараз беларуская мова і культура знаходзіцца ў заняпадзе і яе неабходна папулярызаваць, найперш, у моладзевых колах».

14.11.2008 / 19:19

Незарэгістраваная ў Беларусі арганізацыя «Малады Фронт» спадзяецца на супрацу з незвычайным для моладзевай апазыцыйнай арганізацыі партнэрам — БРСМ. Цікава, што мясцовая філія БРСМу дала згоду.

У чацьвер старшыня кобрынскай гарадской суполкі МФ Алесь Страчук і ягоны намесьнік Алесь Кабач сустрэліся зь першым сакратаром БРСМа ў Кобрыне Ўладзімерам Вярбіцкім і ад імя Маладога Фронту прапанавалі супрацу ў кірунку беларусізацыі кобрынскай моладзі.

«Нас успрынялі вельмі спакойна і адэкватна, — кажа Алесь Страчук.
— Прадстаўнік БРСМу, цікавы малады чалавек 23‑25 год, пагадзіўся з тым, што зараз беларуская мова і культура знаходзіцца ў заняпадзе і яе неабходна папулярызаваць, найперш, у моладзевых колах. Мы дамовіліся на шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў, праўда, з абмоўкаю, што мы ня будзем афішаваць і прапагандаваць свае палітычныя погляды…», — усьміхаецца Алесь.

***

Найперш, БРСМ будзе дапамагаць праводзіць у гарадах мерапрыемствы ў межах кампаній «БЕЛАРУСКУЮ КНІГУ — ДЗЕЦЯМ!», «ЗА МТС ПА‑БЕЛАРУСКУ!», арганізоўваць сустрэчы з гісторыкамі і грамадзкімі дзеячамі, праводзіць беларускія дыскатэкі з музыкаю на роднай мове.