22 мільёны беларускіх рублёў

Такога курсу дасягнуў даляр, калі не ўлічваць дэнамінацыі.

15.12.2008 / 11:39

Такога курсу дасягнуў даляр, калі не ўлічваць дэнамінацыі.

Афіцыйны курс даляра ЗША з 13 снежня складае 2.200 беларускіх рублёў.

Без уліку дэнамінацый 1994 і 2000 гадоў курс роўны 22.000.000 рублёў.

Па ступені абясцэньвання нацыянальнай валюты да амерыканскага даляра Беларусь застаецца лідэрам сярод краін былога СССР — такі вынік праведзенага БелаПАН аналізу афіцыйных валютных курсаў на 13 снежня 2008 года без уліку грашовых рэформ.

За Беларуссю ў першай пяцёрцы размясціліся Туркменістан — 7.125.000, Грузія — 1.652.500, Узбекістан — 1.377.730 і Украіна — 748.680.

Далей ідуць Таджыкістан — 340.390, Арменія — 61.674, Казахстан — 60.250, Азербайджан — 40.300, Расія — 27.808, Малдова — 10.386, Кыргызстан — 7.880.

Замыкаюць спіс дзяржавы Балтыі: Літва — 263,1; Эстонія — 117,1; Латвія — 107. Курс даляра ў самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы, якая мае ўласную валюту, без уліку дэнамінацыі склаў 8.471.500 рублёў.

Такім чынам, беларуская валюта абясцэнілася ў дачыненні да амерыканскага даляра
ў 3,1 раза больш, чым валюта Туркменістана, у 13,3 раза — Грузіі, у 16 разоў — Узбекістана, у 29,4 раза — Украіны, у 64,6 раза — Таджыкістана, у 357 разоў — Арменіі, у 365 разоў — Казахстана, у 546 разоў — Азербайджана, у 791 раз — Расіі, у 2.118 раза — Малдовы, у 2.792 раза — Кыргызстана, у 83.618 раза — Літвы, у 187.874 раза — Эстоніі і ў 205.607 раза больш, чым валюта Латвіі. У выпадку з Прыднястроўем гэтыя суадносіны складаюць 2,6 раза.

Адзнаку 1 млн. беларускіх рублёў (без уліку дэнамінацый) курс даляра дасягнуў 17 снежня 1998 года, 5 млн. — 11 мая 2000 года, 10 млн. — 12 верасня 2000 года, 15 млн. — 26 кастрычніка 2001 года, 20 млн. — 3 красавіка 2003 года, 21 млн. — 16 верасня 2003 года.

БелаПАН