Міністр Сікорскі: Ракеты ЗША будуць у Польшчы ў любым разе
Пра гэта кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства заявіў пасля сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан.
26.02.2009 / 12:07
Фота Радыё Зэт
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ўпэўнены, што амерыканскія ракеты Patriot будуць размешчаныя ў Польшчы незалежна ад перспектыў элементаў амерыканскай сістэмы ПРА.
Заявіў ён гэта пасля сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан.
«Асабліва мяне ўсцешыла тое, што спадарыня дзяржсакратар сама сказала, што ЗША будуць рэалізоўваць тое, што для Польшчы асабліва важна — то бок палітычную дэкларацыю, падпісаную адначасова з пагадненнем па ПРА».
Паводле яго словаў,
гаворка ідзе пра часовае, а потым пастаяннае размяшчэнне батарэі ракет Patriot у Польшчы.
Зенітны ракетны комплекс Patriot выкарыстоўваецца для прыкрыцця буйных адміністрацыйных і прамысловых цэнтраў, ваенных баз і другіх важных аб’ектаў ад паветранага нападу.