У Карэлічах абвяргаюць чуткі пра скарачэнне заробкаў у бюджэтнікаў
У райцэнтры на Гродзеншчыне папаўзлі чуткі пра скарачэнне заробкаў у бюджэтнікаў. Нібыта ў сувязі з крызісам у сакавіку заробкі скароцяцца на 18%.
26.02.2009 / 18:56
У «Нашу Ніву» патэлефанавала супрацоўніца адной з бюджэтных арганізацый Карэліцкага раёну, што на Гродзеншчыне.
Жанчына паведаміла, што ў райцэнтры нібыта збіраюцца скараціць заробкі бюджэтнікам. Па яе словах, супрацоўнікам такі крок тлумачаць наступствамі фінансавага крызісу. Гаворка ідзе пра скарачэнне заробку нібыта на 18%.
Начальнік аддзела працы і заробнай платы Карэліцкага райвыканкаму Марыя Дасько заявіла, што гэта ўсяго толькі чуткі.
«Хутчэй за ўсё людзі так адрэагавалі на скарачэнне стаўкі І-га разраду з 91 тысячы рублёў да 77 тысяч. Але гэта датычыць усёй краіны, а не асобнага раёну»— мяркуе чыноўніца. А каб урэзаць заробак пэўнай катэгорыі насельніцтва, ды ў асобным раёне, то на гэта ніхто не мае паўнамоцтваў, упэўненая М. Дасько.