Абгарэлы ў Слоніме салдат пражыў яшчэ два тыдні

аднак атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём.

05.03.2009 / 12:05

4 сакавіка ў 432‑м Галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных сіл у Мінску

памёр адзін з трох ваеннаслужачых, пацярпелых у выніку пажару ў парку 11‑й асобнай механізаванай брыгады ў Слоніме (Гродзенская вобласць) 19 лютага.

Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс‑службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык, ваенныя медыкі два тыдні спрабавалі выратаваць найбольш пацярпелага ваеннаслужачага, аднак атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём.

Нагадаем, днём 19 лютага падчас планавых заняткаў па баявой падрыхтоўцы аднаго з падраздзяленняў брыгады адбылося ўзгаранне паліва ў танку Т‑72. Работа ваеннаслужачых і каманды пажарных МНС, што аператыўна прыбыла ім на дапамогу, не дазволіла ператварыць узгаранне ў маштабны пажар. У выніку здарэння пацярпелі члены экіпажа — тры ваеннаслужачыя, якія былі шпіталізаваны.

Па факце здарэння Гродзенскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратурай распачата справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 464 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў кіравання машынамі або эксплуатацыі іх, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Міністэрства абароны выказвае спачуванне сваякам загінулага і акажа неабходную дапамогу ў адпаведнасці з заканадаўствам, сказаў В.Раменчык.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН