У Магілёве мужчына запэўніў жонку зняволенага, што можа дапамагчы таму вызваліцца за $70 тысяч

23.03.2020 / 21:33

У Магілёве ў кастрычніку 2018 года 61-гадовы мужчына даведаўся пра тое, што аднаго магілёўца абвінавачваюць у здзяйсненні шэрагу эканамічных злачынстваў і супраць яго распачатая крымінальная справа. Зламыснік вырашыў узбагаціцца, паведамляе Следчы камітэт.

Ён запэўніў жонку мужчыны, які знаходзіўся на той момант пад вартай, што мае знаёмства ў праваахоўных органах і гатовы за грошы зрабіць так, каб яе мужа не пазбаўлялі свабоды.

Для перадачы нібыта супрацоўнікам органаў жанчына аддала падазраванаму 69000 даляраў. Але той абяцанні выконваць не збіраўся, а грошы забраў сабе. Жанчына сама звярнулася ў міліцыю і расказала, як усё было.

Мужчыну абвінавачваюць у махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры, і падбухторванні да дачы хабару ў буйным памеры. Яго ўзялі пад варту. Расследаванне працягваецца.

Nashaniva.com