Мінчук за некалькі тыдняў выкраў больш за 40 туй

27.07.2020 / 17:24

У Мінску затрымалі 46-гадовага мужчыну, які некалькі тыдняў «зарабляў» крадзяжом туй. Пасля выкрадання ён прадаваў саджанцы на рынку і купляў выпіўку, паведамляе МУС.

У міліцыю звярнуліся мінчукі і прадстаўнік юрыдычнай асобы. Яны паведамілі пра знікненне 42 туй.

Праваахоўнікі высветлілі асобу выкрадальніка. Ім аказаўся 46-гадовы жыхар сталіцы. Вечарам ці раніцай, калі на вуліцах горада было практычна бязлюдна, ён вырываў высаджаныя невялікія туі ў дварах. Пасля прадаваў іх на адным з рынкаў сталіцы па 5 рублёў за штуку. А грошы траціў на ўласныя патрэбы, у асноўным на спіртныя напоі.

Урон склаў больш за 900 рублёў. Супрацоўнікі міліцыі шукаюць іншых пацярпелых.

Nashaniva.com