151 мара: беларусы з усяго свету сабралі навагоднія падарункі для дзяцей актывістаў незалежных прафсаюзаў

02.01.2021 / 13:31

Офіснае крэсла, баксёрская груша, квіткі на танцпол і сертыфікаты на боты і вопратку… Нашы суайчыннікі з розных краін з дапамогай прафсаюзаў Брытаніі і Ірландыі сабралі падарункі для дзяцей актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Тэхнічны бок справы ўзялі на сябе беларусы Масквы.

У пачатку снежня ў валанцёраў, якія дапамагаюць прафсаюзам, саспела ідэя: добра было б павіншаваць дзетак завадчан з незалежных прафсаюзаў.

Так, незалежныя прафсаюзы — гэта не пра падарункі да Новага года. І не пра квіткі на навагоднюю ялінку. Незалежныя прафсаюзы займаюцца сур'ёзнымі рэчамі — абаронай правоў, ўмовамі працы, заробкам… Але ўсё роўна хочацца свята. А што, калі ўсёй гэтай мішурой (падарункамі) зоймуцца не самі члены незалежных прафсаюзаў, а іх выдатныя памочнікі?

І паехала…

«Шукалі падтрымкі ў міжнародных прафсаюзаў. Проста пыталіся ў чатах, хто з міжнародных прафсаюзаў можа ўключыцца і дапамагчы», — расказваюць валанцёры ініцыятывы «Прафсаюз анлайн», якая дапамагае людзям уступіць у адзін з чатырох афіцыйна незалежных прафсаюзаў і аб'яднаць людзей на працоўных месцах.

Адгукнулася дыяспара Масквы і Піцера. Актывісты прадумвалі, як даставіць падарункі ў Беларусь, а таксама збіралі звесткі пра дзяцей, бацькі якіх пазбавіліся працы, трапілі ў СІЗА, атрымалі штрафы за ўдзел у мітынгах.

Быў сфармаваны спіс дзяцей ад незалежных прафсаюзаў 7 буйных заводаў: Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі маторны завод, Мінскі электратэхнічны завод, БелАЗ, «Белкамунмаш» і «Пеленг».

«Хацелася знайсці падарункі для дзяцей усіх 13 000 членаў незалежных прафсаюзаў». Але падключыць прафсаюзы іншых краін усяго за пару тыдняў аказалася складана.

Затое падключылася канадская, французская, нямецкая, бельгійская, італьянская, іспанская, нідэрландская, фінская, дацкая, люксембургская, літоўская, ізраільская, чэшская і славацкая дыяспары.

Набывалі не стандартныя наборы або аднолькавыя для ўсіх падарункі. Кожнае дзіця напісала, пра што марыць.

Кожны «чараўнік», які выказаў жаданне ўдзельнічаць у акцыі, браў сабе аднаго падапечнага, якому рыхтаваў падарунак.

Алена — беларуска з Вялікабрытаніі, перакладчык-сінхраніст: «Хацелася зрабіць дзецям свята. Маім пляменнікам у свой час давялося святкаваць Новы год без таты, які мусіў яго правесці ў «амерыканцы».

Дзеці ёсць дзеці. Іх бацькі хочуць толькі таго, каб ва ўсіх дзяцей Беларусі была лепшая будучыня, некаторыя праз гэта ахвяравалі сваёй працай і здароўем.

Не павінна быць так, што дзіця адчувае сябе пазбаўленым свята, бо мама ці тата выйшлі супраць несправядлівасці. Каб і гэтыя дзеці, і іх бацькі адчулі, што яны не самотныя, што за іх смеласць і прынцыповасць мноства людзей ім глыбока ўдзячныя».

Сярод замоўленых падарункаў былі немаленькія, напрыклад, ровар. Былі і вельмі сціплыя жаданні: на меркаванне дарыльшчыка або цукеркі. Алена ўзяла сабе падапечнага з пазнакай «нічога не трэба, можа, камусьці больш патрэбна», і выслала падарунак з лістом аб тым, што падарунак можна падарыць і сябру.

Велізарную працу зрабілі дзве Ірыны з маскоўскай дыяспары. Кожная хвіліна пасля працы, ночы — усё было занята падарункамі.

Кватэра першай Ірыны за апошнія тыдні ператварылася ў склад. Усё месца на падлозе было пазастаўляна!

Ірына — беларуска ў Маскве. Атрымлівала падарункі для дзетак з усяго свету. Нейкія прыходзілі да яе на дом, нейкія — у пункты выдачы. «Мы правяралі, ці адпавядаюць падарункі чаканням. Таму што заказ праз інтэрнэт — як кот у мяшку. Пару разоў дазаказвалі».

Разам з іншымі актывістамі Ірына пакавала падарункі і раскладвала па скрынках заводаў. 

Яшчэ адна Ірына — мінчанка, зараз жыве ў Маскве, працуе сістэмным аналітыкам у IT-сферы. Два тыдні Ірына спала па дзве гадзіны на суткі: дарыльшчыкі з іншых гадзінных паясоў часта пісалі ноччу. Швецыя, ЗША, Брытанія, Італія, Ізраіль, Літва.

Каля 70-80 падарункаў Ірына прыняла дома і запакавала. 

З кватэр двух чароўных Ірын падарункі адправіліся ў Мінск. 

Дзмітрый — самы першы арганізатар усяго чарадзейства з боку Масквы, беларус. Дамаўляўся з транспартнай кампаніяй аб дастаўцы падарункаў у Мінск. «Кампанія беларуская. Як толькі супрацоўнікі даведаліся, што мы перавозім, адразу зрабілі нам добрую зніжку». Дзмітрый далучыўся да ініцыятывы, бо яму неабыякавыя людзі, якія выказваюць свой пункт гледжання і дамагаюцца свайго: «Хтосьці ўступае ў незалежны прафсаюз, нехта ў стачку, хтосьці на мітынгі выходзіць. Хацелася паказаць, што гэтыя людзі не адны».

І вось разам з завадскімі прафсаюзнымі Дзядамі Маразамі падарункі прыбылі да дзяцей.

Дзед Мароз з МТЗ.

Дзед Мароз з ММЗ. 

«Вялікі дзякуй за падарункі ад усёй сям'і і ад усёй душы!». Цяпер словы падзякі сыплюцца ў чаты дарыльшчыкаў. Дзякуй, сябры, за вашу дабрыню!

Мары беларускіх дзяцей
(Захавайце сабе: пра што мараць дзеці якога веку).

МВ