Карціну Сандра Батычэлі прадалі за $92 мільёны

Палатно «Малады чалавек з медальёнам» фларэнційскага мастака эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі прадалі на аўкцыёне Sotheby's за 92,2 мільёна даляраў. Асоба пакупніка невядомая.

29.01.2021 / 08:43

Партрэт быў напісаны прыкладна ў 1480 годзе. Хто на ім намаляваны, невядома. Мяркуецца, што гэта прадстаўнік магутнага фларэнційскага сямейства Медычы. З XVIII стагоддзя карціна захоўвалася ў сям'і брытанскіх баронаў Н'юбара. У 1982 годзе яе купіў на аўкцыёне за 1,3 мільёна даляраў папярэдні ўладальнік — амерыканскі дэвелапер Шэлдан Салоў, піша meduza.io.

#AuctionUpdate: Sandro Botticelli’s masterpiece Young Man Holding a Roundel, one of the most significant portraits of any period ever to appear at auction, and a defining work of the Florentine Renaissance achieves $92.2 million -- a new auction record for the artist pic.twitter.com/lqsdOC1gtX

— Sotheby's (@Sothebys) January 28, 2021

Кошт 92,2 мільёна даляраў — гэта новы рэкорд для работ Батычэлі, калі-небудзь прададзеных на аўкцыёнах. Папярэдні рэкорд быў у 2013 годзе, калі за карціну «Мадонна з немаўлём і юным Янам Хрысціцелем» заплацілі 10,4 мільёна даляраў.

Акрамя таго, палатно Батычэлі стала адным з самых дарагіх партрэтаў, калі-небудзь прададзеных, і самай дарагой працай старых майстроў з тых часоў, як у 2017 годзе карціну «Збаўца свету» Леанарда Да Вінчы купілі за 450 мільёнаў даляраў.

Nashaniva.com