Каму ўстановіць помнікі Міністэрства культуры?
Тут і Міндоўг, і двойчы Герой Савецкага Саюзу генерал-маёр Азі Асланаў.
10.06.2009 / 21:50
Тут і Міндоўг, і двойчы Герой Савецкага Саюзу генерал-маёр Азі Асланаў.
Міністэрства культуры вырашыла паклапаціцца пра ўвекавечванне памяці выбітных дзеячаў беларускай гісторыі. На грамадскае абмеркаванне вынесены план устаноўкі помнікаў, скульптур, мемарыяльных знакаў у 2009-2012 гадах.
Пакуль што міністэрскі спіс налічвае каля 70 пазіцый.Гэтыя прапановы былі атрыманы ад мясцовых уладаў. Ім і давядзецца фінансаваць рэалізацыю праекту.
Самымі актыўнымі пакуль з’яўляюцца Полацк (прапанова наконт 4 помнікаў і 1 помніка-бюста), Гомель (5 помнікаў-бюстаў) і Ветка (3 помнікі-бюсты).
Такім чынам, якіх асобаў мясцовыя чыноўнікі лічаць вартымі ўшанавання ў помніках?
Прэтэндэнты на помнікі
Мінск і Мінская вобласць:
драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у Мінску;
двойчы Герой Савецкага Саюзу генерал-маёр Азі Асланаў ў Вілейцы.
Брэсцкая вобласць:
Уладзіміра-Валынскі князь Уладзімір Васількавіч і княгіня Вольга ў Кобрыне.
Віцебская вобласць:
княгіня Вольга, заснавальніца Віцебска;
княгіня Рагнеда ў Полацку;
пісьменнік Ян Баршчэўскі ў Полацку;
дойлід, будаўнік Спаса-Прэабражэнскай царквы Іаан ў Полацку.
Гродзенская вобласць:
пісьменнік Францішак Багушэвіч у Смаргоні;
кароль Міндоўг у Навагрудку;
дзяржаўны дзеяч Антоній Тызенгаўз у Гродна.
Магілёўская вобласць
генерал, камандзір 1-ай пяхотнай дывізіі Войска Польскага Зыгмунт Берлінг у Горацкім раёне;
адзін з арганізатараў падпольнага руху Фёдар Крыловіч у Асіповічах;
пісьменнік Аркадзь Куляшоў у Касцюковічах;
заснавальнік горада князь Расціслаў Мсціслававіч у Мсціславе.
Прадстаўнікі Гомельскай вобласці прапанавалі мноства помнікаў-бюстаў, але варыянтаў на ўшаванне асобаў у помніках не знайшлі.
Удакладненні ад Акадэміі навук
Разам з тым
Нацыянальная акадэмія навук прапанавала яшчэ каля 100 кандыдатур на ўшанаванне.Тут ёсць і Вітаўт, і Леў Сапега, і Кастусь Каліноўскі, і трое Радзівілаў у Нясвіжы… Ці то па недаглядзе, ці то наўмысна ажно два помнікі прапануецца ўстанавіць Аляксандру Чарвякову. Сярод прадстаўнікоў другой паловы ХХ стагоддзя сустракаюцца Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Кірыл Мазураў.
Прапанову Акадэміі навук можна лічыць адной з першых афіцыйных спробаў скласці шырокі спіс вартых асобаў з гісторыі Беларусі. Ужо хаця б таму на яе трэба звярнуць увагу. Магчыма, менавіта гэты пералік возьмуць на ўзбраенне камітэты па перайменаваннях.
Вядома ж, можна шукаць у спісах недахопы: напрыклад, адсутнічае постаць Васіля Быкава. Але калі
намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка са шкадаваннем зазначае, што ў Беларусі няма ніводнага помніка Касцюшку,– гэта добры знак. Здаецца, улады прапануюць кампрамісны, з іх пункту гледжання, варыянт: не чапаць старыя савецкія помнікі (Ленінаў, Дзяржынскіх і кампанію), а ўстанаўліваць побач з імі і новыя, беларускія.
«Вашае меркаванне будзе ўлічана»
Міністэрства культуры прапануе арганізацыям і грамадзянам уступаць у дыскусію наконт асобаў, вартых ушанавання. Цяжка сказаць, ці будзе ўлічвацца меркаванне альтэрнатыўнага боку, але можна не сумнявацца, што і Таварыства беларускай мовы, і некаторыя іншыя грамадскія аб’яднанні паспрабуюць высунуць свае кандыдатуры.