Міністр адукацыі заявіў, што павышэння кошту навучання ў дзяржаўных ВНУ не будзе

Аднак пытанне павышэння кошту навучання для студэнтаў-платнікаў абмяркоўвалася на нарадзе рэктараў.

18.03.2021 / 13:40

«Павышэнне кошту навучання ў дзяржаўных установах адукацыі пакуль не плануецца», — прыводзіць словы Ігара Карпенкі тэлеграм-канал Мінадукацыі.

Фота Надзеі Бужан

«Разам з тым у Мінадукацыі вывучылі магчымасці ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кампенсацыі дадатковых выдаткаў, звязаных з павышэннем з 1 студзеня 2021 года заработнай платы работнікаў ВНУ і іншых затрат пры рэалізацыі адукацыйных праграм вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на платнай аснове ў дзяржаўных установах адукацыі. Прынята рашэнне не павышаць устаноўленую аплату за навучанне, — сказаў Ігар Карпенка. — Павышэнне заработнай платы і іншых выдаткаў на рэалізацыю адукацыйных праграм будзе ажыццяўляцца за кошт аптымізацыі іншых расходаў устаноў адукацыі».

Раней паведамлялася, што некалькі ВНУ плануюць павысіць кошт навучання для студэнтаў. У прыватнасці, такое рашэнне ўжо прынялі ў БДУ, БДПУ і Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны. Як патлумачылі ў БДУ, кошт навучання будзе «скарэкціраваны ў сувязі з узрослымі выдаткамі на аплату працы, камунальнымі і іншымі выдаткамі».