Навукоўцы стварылі першую паўнавартасную мадэль чалавечага эмбрыёна

Першыя стадыі чалавечага развіцця складана вывучаць праз адсутнасць доступу да эмбрыёна, а таксама прававыя і этычныя абмежаванні. Аднак цяпер навукоўцы распрацавалі першую ў гісторыі мадэль чалавечага эмбрыёна ў сподку Петры.

18.03.2021 / 20:37

Фота DW

Распрацоўкай займаліся навукоўцы з ЗША і Аўстраліі, пра што паведамляе часопіс Nature.

У публікацыі прыводзяцца вынікі двух даследаванняў, якія паказалі, што чалавечыя эмбрыянальныя стваловыя клеткі можна пабудзіць да самаарганізацыі ў сподку Петры такім чынам, што яны ўтвараюць структуры, падобныя да чалавечых эмбрыёнаў.

На ранняй стадыі чалавечы эмбрыён утварае структуру, якая называецца бластацыстай. Навукоўцам удалося стварыць бластацыстападобныя структуры з клетак у сподку Петры, якія даследчыкі назвалі бластоідамі.

Гэта першая інтэграваная мадэль чалавечага эмбрыёна, створаная з усіх тыпаў клетак, якія ўтвараюць плод.

Даследаванні выявілі, што чалавечыя бластоіды могуць стаць даступнай альтэрнатывай бластацыстам. Такая мадэль можа паспрыяць развіццю рэпрадуктыўных тэхналогій, палепшыць разуменне ранняга развіцця плода, а таксама прадухіліць страту цяжарнасці і дэфекты эмбрыёна.

Nashaniva.com