Віцэ‑спікер Іваноў назваў нечаканым рашэнне ПАРЕ

23.06.2009 / 14:33

Намеснік старшыні палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі Валеры Іваноў назваў нечаканым рашэнне Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).

Як паведамлялася раней, 23 чэрвеня дэпутаты асамблеі прагаласавалі за ўнясенне ў рэзалюцыю па Беларусі папраўкі, згодна з якой статус спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ будзе вернуты парламенту Беларусі на год

толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротную кару.

Канчатковае — юрыдычнае — рашэнне будзе прымаць Бюро Рады Еўропы, пасяджэнне якога павінна адбыцца 7 верасня ў Парыжы.

«Сёння было прынята палітычнае рашэнне, — адзначыў Іваноў. — Юрыдычнае рашэнне будзе прымаць Бюро Рады Еўропы. Гэты час мы будзем працаваць над згаданым пытаннем».

Віцэ‑спікер напомніў, што ў Беларусі праводзіўся рэферэндум (у 1996 годзе), на якім 80% грамадзян выказаліся супраць адмены смяротнай кары.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што апошнімі гадамі «дастаткова шмат зроблена ў гэтым кірунку».

У прыватнасці, паводле слоў Іванова, «у разы скараціліся выпадкі прымянення смяротнай кары», удвая скарацілася колькасць артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць гэты від пакарання.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб перспектывах далейшага збліжэння Беларусі з Еўропай, Іваноў заявіў: «Я не думаю, што імкненні прэзідэнта па збліжэнні (Беларусі і ЕС. — БелаПАН.) былі безвыніковыя. Пытанне аб смяротнай кары было адзінай перашкодай — у астатнім адзначаліся пазітыўныя крокі».