У Ваўкавыску байцамі «Алмазу» затрыманая дырэктарка фірмы «Ніка‑таксі 22222»

За жанчынай, як і за Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага, з Мінску прыехала група байцоў спецпадраздзялення «Алмаз». Цяпер Людмілу Парэнскую вязуць у сталіцу.

07.07.2009 / 14:35

У Ваўкавыску затрыманая дырэктарка фірмы «Ніка‑таксі 22222» Людміла Парэнская. За жанчынай, як і за Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага, з Мінску прыехала група байцоў спецпадраздзялення «Алмаз». Цяпер Людмілу Парэнскую вязуць у сталіцу.

Праваабаронца Алег Волчак сцвярджае, што крымінальная справа супраць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа павярнуцца ў другі бок — незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць.

Алег Воўчак: «Затрымалі Людмілу Парэнскую сёння. Прыехалі следчыя з Мінску і «Алмаз». Гэта — дырэктар фірмы «Ніка‑таксі 22222», дзе працаваў Аўтуховіч. Яна з’яўляецца заснавальнікам і дырэктарам гэтай фірмы і дала магчымасць Аўтуховічу працаваць шафёрам».

Людмілу Парэнскую ўжо не адзін раз выклікалі даваць паказанні па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Жанчыну схілялі даць паказанні што фірма належыць Мікалаю Аўтуховічу і Ўладзіміру Асіпенку.

Алег Воўчак: «Калі б гэта пацвердзілася, то тады можна было б прад’явіць абвінавачанне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці Аўтуховічу і Лявонаву».

Але дагэтуль Людміла Парэнская такіх паказанняў не дала.

Еўрарадыё