Крысціна Ціманоўская выставіла на аўкцыён медаль, які заваявала на Еўрапейскіх гульнях

На аўкцыён выстаўлены сярэбраны медаль Крысціны Ціманоўскай, які яна заваявала на ІІ Еўрапейскіх гульнях, што прайшлі ў чэрвені 2019 года ў Мінску.

09.08.2021 / 12:21

Ціманоўскую, нагадаем, спрабавалі выслаць з Токіа, з Алімпійскіх гульняў, у Беларусь. Яна адмовілася і цяпер знаходзіцца ў Польшчы.

Крысціна выставіла на аўкцыён адзін з самых каштоўных медалёў у сваёй кар'еры, які яна заваявала ў каманднай эстафеце на II Еўрапейскіх гульнях.

«Той старт быў вельмі важным для мяне, ён праходзіў у родных сценах. За мяне прыйшло заўзець шмат людзей, родных і блізкіх. Памятаю, калі бегла эстафету і ў мяне пачалі заканчвацца сілы, а да фінішу заставалася дзесьці 80 метраў, я пачула, што стадыён проста выбухае ад таго, як гучна за мяне заўзеюць. Падтрымка людзей адкрыла ўва мне другое дыханне, што дапамагло мне з усіх сіл бегчы да фінішнай рысы.

Я нават памятаю, як плакала пасля фінішу, таму што такія эмоцыі падчас бегу адчула ўпершыню. У той момант я адчула сябе адзіным цэлым з усімі заўзятарамі. Нездарма кажуць, што спорт — гэта тое, што нас аб'ядноўвае!»

Па просьбе спартсменкі медаль выстаўляецца на аўкцыён у падтрымку свабодных спартсменаў Беларусі, пацярпелых ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Nashaniva.com