Пачынаецца суд над экс-кіраўніком «Аховы птушак бацькаўшчыны»

Палітзняволенага Віктара Фенчука абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук блакаваў рух транспарту на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім». Справу ў судзе Маскоўскага раёна будзе разглядаць суддзя Алена Мурашка, піша «Вясна».

06.05.2022 / 14:04

Фянчук свядома не з’язджаў з краіны. «Калі б усе перасталі бегаць, то за намі перасталі б ганяцца», — прыводзіць яго словы «Зялёны партал».

Віктар — прафесійны арнітолаг, каардынатар праграм Франкфурцкай заалагічнай супольнасці і арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны». Узначальваў апошнюю з 2007 па 2014 год, затым быў яе супрацоўнікам.

Яго называюць «адвакатам дзікай прыроды». Ён кіраваў маштабнымі праектамі па вывучэнні, захаванні і ўзнаўленні прыродных экасістэм.

Праграму па захаванні дзікай прыроды Палесся ў Мінску АПБ адкрывала сумесна з Кембрыджскім універсітэтам.

Падтрымайце Віктара: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Віктару Аляксандравічу Фенчуку.

Nashaniva.com