Памёр ураджэнец Беларусі, кіраўнік паўстання ў Варшаўскім гета Марэк Эдэльман

У 1970-80-я ён браў актыўны ўдзел у незалежніцім падполлі ў ПНР.

03.10.2009 / 23:16

Ва ўзросце 87 гадоў у сталіцы Польшчы памёр Марэк Эдэльман — вядомы палітычны і грамадскі дзеяч, кіраўнік паўстання ў Варшаўскім гета.

Марэк Эдэльман нарадзіўся ў 1922 годзе ў Гомелі, затым разам з бацькамі пераехаў у Варшаву. Быў адным з кіраўнікоў паўстання ў Варшаўскім гета ў гады Другой сусветнай вайны. Напісаў некалькі кніг успамінаў аб паўстанні ў гета. Гісторыю самога Эдэльмана апісала Ханна Краль у кнізе «Паспець перад Госпадам Богам».

У 1976 годзе Марэк Эдэльман быў адным з падпісантаў «Ліста 101» супраць унясення паправак у Канстытуцыю Польскай Народнай Рэспублікі. У гэтым жа годзе браў удзел у стварэнні Камітэта абароны рабочых. Як актывіст «Салідарнасці» быў інтэрнаваны падчас ваеннага становішча. У 1989 годзе — удзельнік перамоў за круглым сталом, якія прывялі да часткова свабодных парламенцкіх выбараў і падзення камуністычнага рэжыму ў Польшчы.
17 красавіка 1998 года атрымаў вышэйшую ўзнагароду Польшчы — ордэн Белага арла. У красавіку 2008 года прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі ўзнагародзіў Марэка Эдэльмана вышэйшай узнагародай гэтай краіны — ордэнам Ганаровага легіёна.