Завочна будуць судзіць Пракоп'ева і яшчэ двух чалавек

КДБ пачаў спецвытворчасць у дачыненні яшчэ да трох чалавек, паведамляе БелТА. Гэтым разам пад завочную расправу патрапяць Вадзім Пракоп'еў, Ігар Чамякін і Дзяніс Хаміцэвіч.

09.12.2022 / 20:32

Будынак КДБ Беларусі. Фота: БелТА

Усім тром абвінавачаным закідаюцца цяжкія крымінальныя артыкулы, сярод якіх тэрарызм, незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, незаконны абарот моцнадзейных ці атрутных рэчываў, змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады, заклікі да санкцый, гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, злоўжыванне ўладай ці службовым становішчам і г. д.

Сярод абвінавачаных добра вядомы грамадскасці толькі 51-гадовы Вадзім Пракопьеў — былы паспяховы рэстаратар, адзін за стваральнікаў фармавання «Пагоня» ў складзе ўкраінскага войска.

Пра іншых вядома куды менш.

31-гадовы Ігар Чамякін увогуле фігура нечаканая. Прозвішча гэтага чалавека раней гучала ў кантэксце забойства Аляксандра Тарайкоўскага, у дачыненні да яго Чамякіна абвінавачваў Ігар Макар. Гэты чалавек нібыта быў байцом антытэрарыстычнага падраздзялення МУС «Алмаз», які пасля звольніўся са службы і выехаў ва Украіну. 

Можна меркаваць, што Хаміцэвіч і Чамякін нейкім чынам звязаныя з Пракоп'евым, калі іх аб'ядналі ў адну справу.

Nashaniva.com