Блогапіс насельніцтва
Перапіс насельніцтва атрымаў шырокі розгалас у беларускім грамадстве. У тым ліку, і ў беларускай благасферы.
22.10.2009 / 10:55
Перапіс насельніцтва атрымаў шырокі розгалас у беларускім грамадстве. У тым ліку, і ў беларускай благасферы.
Так, блогер з Гродна poczobut заўважыў, што яго перапісалі алоўкам: «Вось перапісчыкі дабраліся і да маёй хаты. Усё запісалі, як сказаў. Спакойна можна было назіраць за тым, як у бланку з’яўляліся запісы, адзінае, яны рабіліся алоўкам. Да магчымых вынікаў перапісу загадзя стаўлюся скептычна. Калі не ведаем вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, то якая можа быць сумленная статыстыка. А тут яшчэ і алоўкам анкеты запаўняюць. Смех!»
Падобным чынам паставіўся да перапісу і іншы блогер — thorwin. Толькі што ён вырашыў праверыць стрэсаўстойлівасць перапісчыкаў, назваўшыся гномам:
«Толькі што пайшоў перапісчык, які спачатку адмаўляўся у графе нацыянальнасць пісаць «гном», а ў графе родная мова — «гномская».Але ўсё ж напісаў. Пытанне: пра рэлігію ён павінен быў напісаць? А то я не паспеў перагледзець бланкі зараней».
У перапісе, вядома, не абышлося без літвінаў. Kryviec у сваім дзённіку так апісаў момант свайго волевыяўлення: «Прыйшла сімпатычная і ветлівая студэнтка. З мовай і бланкамі праблемаў не было. Запісала, як трэба — літвін. Але я не пра тое хацеў. Напэўна, самым цікавым ў выніках перапісу будзе не ўзрослая колькасць літвінаў, а вельмі значнае скарачэнне колькасці расійцаў. Мой прагноз — працэнты на 3+4».
Хтосьці нават паэтычныя радкі прысвяціў перапісу, як блогер valdzis:
перапіс насельніцтва.
курс лячэння скончаны.
конкурс на еўрапейскасць Беларусі…
Аднак першае месца ў асвятленні перапісу насельніцтва ў беларускай благасферы па праву належыць блогерцы asia_paplausk. Яна не толькі справаздачна падавала ў сваім блогу назіранні (з’яўляючыся перапісчыцай, мела іх дастаткова), але і дзялілася самымі таемнымі момантамі перапісу:
«Учора абсалютная большасць на пытанне «На якой мове размаўляеце дома?» адказала: «Як прэзідэнт!».Жанчына маладая на пытанне «Якая родная мова?» адказала здзіўлена: «Ну як, якая? Беларуская, натуральна! Жывём у Беларусі, і родная беларуская. Толькі гаворым па‑расійску!»
Карацей, благасфера ў баку ад перапісу не засталася. Рэагуючы на ўсе дарэчнасці і недарэчнасці гэтай насамрэч важнай падзеі.