З-за эпідэміі свінога грыпу ва Украіне на беларускай мяжы — меры бяспекі

30.10.2009 / 16:10

Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі накіраваў ва ўсе пункты пропуску ўказанні аб правядзенні мер узмоцненага кантролю ў дачыненні да асоб, якія перасякаюць мяжу, для выяўлення прыкмет свінога грыпу.

Пра гэта паведаміў начальнік прэс‑цэнтра беларускага пагранведамства Аляксандр Цішчанка.

Гэтыя дзеянні звязаны з развіццём эпідэміялагічнай сітуацыі па свіным грыпе ва Украіне. Пра пачатак эпідэміі Міністэрства аховы здароўя гэтай краіны аб’явіла 30 кастрычніка.

Павышаныя меры кантролю на мяжы будуць тычыцца найперш тых, хто ўязджае ў Беларусь, рухаецца цераз яе тэрыторыю транзітам.

Як адзначыў Цішчанка, зараз сітуацыя на мяжы поўнасцю кантралюецца. «Выкарыстоўваць або не памежнікам марлевыя павязкі, будзе залежаць ад развіцця сітуацыі і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя. Усе неабходныя сродкі засцярогі ёсць», — сказаў ён.