У Варшаве згубіўся шасцігадовы беларус, але ўсё скончылася хэпі-эндам

Варшаўская паліцыя расказала, як днямі дапамагла 30-гадоваму беларусу адшукаць ягонага шасцігадовага сына, які згубіўся падчас прагулкі па набярэжнай Віслы. 

04.05.2023 / 21:28

Фота: strazmiejska.waw.pl

Паводле паліцэйскага прэс-рэліза, апоўдні да мясцовых праваахоўнікаў звярнуўся занепакоены беларус, які жыве ў Польшчы, і запытаўся, ці не бачылі яны ягонага сына. Хлопчык катаўся па набярэжнай на чырвоным ровары і ў нейкі момант прапаў з поля зроку бацькі.

Узяўшы падрабязнае апісанне дзіцяці і нумар тэлефона беларуса, патруль накіраваўся ў пункт назірання, размешчаны на бульварах. Праглядаючы выявы з камер, праваахоўнікі ўбачылі ў раёне навуковага цэнтра «Капернік» хлопчыка, вонкавы выгляд якога адпавядаў апісанню.

Калі паліцыянты падышлі да хлопчыка, той заплакаў і прызнаўся, што згубіў тату. Але праз чвэрць гадзіны ужо радасна кінуўся да яго на рукі.

Nashaniva.com