Расіяне знішчылі склад з гуманітарнай дапамогай у Адэсе. Згарэла ўсё

У выніку расійскага абстрэлу Адэскай вобласці ў нядзелю быў разбураны склад з гуманітарнай дапамогай Чырвонага Крыжа, аказанне дапамогі прыпынена, паведамляе «Украінская праўда».

08.05.2023 / 15:20

Знішчаны склад Чырвонага Крыжа ў Адэскай вобласці. Фота: Чырвоны Крыж

«У выніку ракетнага ўдару па Адэскай вобласці 7 мая цалкам разбурана арандаванае складское памяшканне Адэскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Украіны плошчай 1000кв.м. Пажар цалкам знішчыў гуманітарную дапамогу для Адэскай вобласці, якая знаходзілася на складзе», — гаворыцца ў паведамленні.

На шчасце, у момант ракетнага ўдару прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа на месцы не было. Выдача гуманітарнай дапамогі і дзейнасць некаторых праектаў Адэскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Украіны прыпынена.

Чырвоны Крыж таксама паведаміў, што з-за ракетнага абстрэлу Мікалаеўскай вобласці 7 мая пашкоджанні атрымаў мабільны шпіталь Мікалаеўскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Украіны.

У выніку ўдару частка медыцынскага абсталявання, тэхнічных сродкаў і мэблі, якія там знаходзіліся, сталі непрыдатнымі для далейшага выкарыстання.

Чытайце таксама:

За ноч над Кіевам збілі 30 беспілотнікаў

Nashaniva.com