Пад Бахмутам загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію

У баях пад Бахмутам загінуў беларус Дзмітрый Гарлоўскі, паведамляе «Люстэрка». Ён паходзіў з Полацка, але ў апошнія гады жыў у Расіі. За яе ён і ваяваў.

13.06.2023 / 18:38

Дзмітрый Гарлоўскі. Фота з сацсетак

Дзмітрыю Гарлоўскаму было 40 гадоў. Ён вырас у Полацку, там жа скончыў 15-ю школу, а ужо ў дарослым узросце стаў часта ездзіць на заробкі ў Расію — у Маскву. У апошнія гады ён і зусім туды пераехаў, жыў у падмаскоўным горадзе Клін разам з жонкай-настаўніцай, якую перавёз з Полацка ў 2019 годзе.

Жонка Гарлоўскага падчас працы ў беларускай школе. Фота з сацсетак

Грамадзянства з беларускага на расійскае мужчына, відаць, не мяняў — прынамсі, знаёмыя Гарлоўскага пра гэта не чулі.

Паводле інфармацыі «Люстэрка», Дзмітрый вырашыў адправіцца на вайну, каб зарабіць грошай: фінансавае становішча сям'і было не найлепшым. Ваяваў ён у шэрагах расійскай арміі ці стаў наймітам ПВК «Вагнера», дакладна не вядома, але сам факт яго сыходу на вайну сям'я трымала ў таямніцы нават ад сваякоў. Але на старонцы ягонай жонкі шмат рэпостаў навін менавіта пра ПВК «Вагнера».

У войску Гарлоўскі пабыў менш за тры месяцы. Спачатку было навучанне, затым мужчыну адправілі на фронт, а ў выніку перакінулі пад Бахмут. Менавіта там праз месяц ён і загінуў, меркавана 13 мая.

Жонка Гарлоўскага яшчэ амаль месяц не ведала пра гібель мужа, што бачна па яе сацсетках, напоўненых жыццярадаснымі прарасійскімі пастамі аж да 5 чэрвеня. Пасля гэтай даты танальнасць змянілася, і са зместу пастоў ды каментароў відаць, што яна ўжо ў курсе таго, што адбылося. Пахавалі Дзмітрыя Гарлоўскага 8 чэрвеня ў Кліне.

Сям'я Гарлоўскіх з дзецьмі. Фота з сацсетак

У сям'і Гарлоўскіх засталося трое дзяцей: іх старэйшая дачка ўжо падлетак, сын толькі скончыў першы клас, а самай малодшай дзяўчынцы няма і дзевяці месяцаў. Акрамя таго, ад першага шлюбу ў Дзмітрыя Гарлоўскага ёсць яшчэ адна дачка, якая жыве ў Полацку. На мінулым тыдні, 10 чэрвеня, яна адзначыла свой школьны выпускны. 

Чытайце таксама:

Пад Бахмутам загінуў вагнеравец з Беларусі

«Мама ў шоку». Што расказваюць знаёмыя пра беларуса з ПВК «Вагнер», якога ўкраінцы ўзялі ў палон

Ва Украіне ваююць «вагнераўцы», якіх затрымлівалі ў 2020 годзе ў Беларусі

Nashaniva.com