КДБ звярнулася да беларусаў праз жыроўкі

Кампанію застрашвання беларусаў лукашэнкаўскія спецслужбы вядуць нават праз жыроўкі з рахункамі на камунальныя плацяжы. Гродзенскі тэлеграм-канал, прысвечаны затрыманням і судам у гэтым рэгіёне, апублікаваў фотакопію такой паперы.

13.06.2023 / 22:09

У апублікаванай жыроўцы Камітэт дзяржаўнай бяспекі папярэджвае беларусаў, што спецслужбы замежных дзяржаў, маўляў, «робяць спробы вярбоўкі беларускіх грамадзян для атрымання разведвальнай інфармацыі, здзяйснення дыверсій і тэрактаў».

Дзеля таго, на думку лукашэнкаўскіх чэкістаў, да грамадзян могуць звяртацца праз сацыяльныя сеткі і месенджары з рознымі заманлівымі прапановамі: даваць розную інфармацыю, выканаць «нязначныя» просьбы, атрымліваць заробак «нестандартнымі спосабамі» і да т. п.

Адзінаправільнай рэакцыяй на гэтыя прапановы, на думку КДБ, мусіць быць зварот у рэпрэсіўныя структуры:

«Калі ў дачыненні да вас ці вашых блізкіх, знаёмых, сяброў, рабіліся падобныя дзеянні, праявіце свядомасць і неадкладна звярніцеся ў органы дзяржбяспекі».

Чытайце таксама:

Віцебскія лукашысты сталі запісваць відэа з анімаванымі персанажамі

Як пачысціць ваш акаўнт у Google Play — пакрокавы гайд

Станіслаў Лупаносаў пра Карпянкова, Кубракова, Церцеля і пра тое, як ідэнтыфікуюць пратэстоўцаў. Новы «Ток»

Nashaniva.com