Прапагандысты хваляцца поспехамі ў ютубе. Але ці сапраўды беларусы глядзяць іх больш?

Днямі эксперты Infopolicy апублікавалі рэйтынг беларускіх інфармацыйных каналаў у ютубе. У топе па праглядах аказаліся дзяржаўныя медыя. Гэтую інфармацыю актыўна падхапілі прапагандысты і заявілі, што беларусы аддаюць перавагу дзяржаўным каналам, а не незалежным. Але на справе не ўсё так проста — прапагандысты не вывучылі справаздачу да канца. 

15.06.2023 / 21:26

Арыентацыя на расійскага гледача

У тэлеграм-канале БТ прапагандысты выклалі допіс, дзе, спасылаючыся на рэйтынг ад Infopolicy, прыйшлі да наступнай высновы: «Аўдыторыя сама зразумела, хто ёсць хто, і чэрпае інфармацыю ад правераных дзяржСМІ, якім можна давяраць, і якія за «базар адказваюць».

Фота: скрыншот з тэлеграм-канала БТ

Як самі прапагандысты «адказваюць за базар», можна праверыць, паглыбіўшыся ў лічбы статыстыкі, прыведзеныя ў тым рэйтынгу. І хоць яго нельга лічыць на сто адсоткаў рэлевантным (даныя па ютуб-канале «Нашай Нівы», якія мы бачым у адмінцы, крыху адрозніваюцца ад прыведзеных у рэйтынгу), нават ён адзначае адну важную заканамернасць. 

Рэч у тым, што асноўная аўдыторыя ютуб-каналаў беларускіх дзяржаўных СМІ — гэта гледачы з Расіі. Доля падпісантаў з Беларусі ў іх невялікая. 

Крыніца табліцы: infopolicy.biz

Так, напрыклад, у канала агенцтва БелТА 1 250 000 падпісчыкаў. Але 58,47% аўдыторыі складаюць карыстальнікі з РФ. Доля беларусаў сярод падпісчыкаў — усяго 11,46%. То-бок на канал БелТА падпісана каля 143 тысяч чалавек з Беларусі. Гэта дакладна не самы папулярны беларускі інфармацыйны канал у ютубе. Праглядаў з Беларусі ў яго таксама будзе не шмат.

Падобныя лічбы па аўдыторыі і ў іншых каналаў, якія занялі першыя тры радкі майскага рэйтынгу па праглядах.

Канал «СБ ТВ» (выдавецкі дом «Беларусь сегодня») заняў другі радок рэйтынгу. Асноўная аўдыторыя канала таксама не ў Беларусі. На долю падпісчыкаў з РФ прыпадае 57,83% аўдыторыі. У той час як на падпісчыкаў з Беларусі — 13,76%. Такім чынам атрымліваецца, што на іх канал падпісана ўсяго каля 59 тысяч чалавек з Беларусі.

Фота: БелТА

На трэцім радку рэйтынгу па праглядах за месяц апынуўся канал «АТН» (канал Белтэлерадыёкампаніі). З іх 966 тысяч падпісчыкаў амаль 57% прыходзіцца на РФ. Доля беларускай аўдыторыі — 13,34%, ці каля 129 тысяч чалавек.

На чацвёртым месцы майскага рэйтынгу ад infopolicy ідзе канал «БЕЛСАТ NEWS». У яго 483 тысячы падпісчкаў, з якіх на долю карыстальнікаў з Беларусі прыпадае 57,59%. То-бок на канал падпісана 278 тысяч карыстальнікаў з Беларусі, што амаль у два разы больш, чым у канала БелТА, які заняў першае месца па праглядах. Доля падпісчыкаў з РФ у канала «БЕЛСАТ NEWS» — усяго 9,28%.

На пятым месцы па праглядах у рэйтынгу месціцца ютуб-канал СТБ. У яго доля расійскай аўдыторыі крыху меншая за іншых прапагандыстаў. На падпісчыкаў з РФ прыпадае 45,74% аўдыторыі, а з Беларусі — 21,59%, ці каля 144 тысяч чалавек.

Такім чынам, калі складаць рэйтынг сыходзячы з долі беларускай аўдыторыі, пазіцыі дзяржаўных СМІ ў ім будуць выглядаць ужо не так вясёлкава.

Што, калі глядзець на беларускую аўдыторыю?

На першым месцы па колькасці падпісантаў з Беларусі ў такім рэйтынгу апынецца «канал БЕЛСАТ NEWS» з 277 тысячамі беларусіх падпісчыкаў.

Другі радок па колькасці падпісантаў з Беларусі — у ютуб-канала «АНТ». Яны маюць каля 223 тысяч падпісчыкаў з Беларусі.

Трэці радок па гэтым паказчыку займае канал «Страна для жизни». У іх каля 175 тысяч беларускіх падпісчыкаў.

Чацвёртае месца — за каналам «Реальная Беларусь» са 169 тысячамі фаловераў з краіны.

Пятае месца ў ютуб-канала СТБ — 144 тысячы падпісантаў з РБ.

Таму, як бачым, нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў задушыць цікавасць беларусаў да праўдзівых навін (за падпіскі на такія каналы можна атрымаць суткі), незалежныя рэсурсы ўсё адно карыстаюцца большай папулярнасцю ў жыхароў Беларусі, чым дзяржаўныя.

Сярод іншага можна адзначыць і іншыя, не навіновыя, каналы, якія ствараюць кантэнт для беларусаў і маюць вялікую аўдыторыю. Напрыклад, «Жыццё-маліна» ці «Годна». Дзяржаўныя медыя і праўладныя блогеры не могуць пахваліцца наяўнасцю падобных папулярных каналаў. 

Чаму каналы беларускай прапаганды папулярныя ў Расіі?

Наплыў новых падпісчыкаў на каналах беларускіх дзяржрэсурсаў назіраўся з моманту пачатку блакавання ютубам каналаў расійскай прапаганды (пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіны ў 2022-м). Аўдыторыя некаторых з іх усяго за некалькі месяцаў кратна павялічылася.

Выбуховы прырост аўдыторыіі ютуб-канала БелТА ў 2022 годзе. Фота: скрыншот з сайта socialblade.com

Пра тое, што каналы беларускіх дзяржаўных медыя ў асноўным глядзяць расіяне, а не беларусы, сведчыць і змест каментароў пад відэа. Падрабязна пра гэты феномен мы пісалі яшчэ летась.

Чытайце таксама:

Чыноўнікі абвясцілі найлепшым інтэрнэт-праектам прапагандысцкі ютуб-канал, дзе некаторыя відэа збіраюць па 30 праглядаў

«Бацька маладзец! Адчуваю, трэба ў Беларусь пераязджаць!» Што адбываецца ў каментарах на дзяржаўных ютуб-каналах

Тэлеграм-каналы якіх СМІ карыстаюцца найбольшай папулярнасцю

Даніла Луцкевіч