Паўла Латушку запрасілі паўдзельнічаць у адкрыцці ІІІ Еўрапейскіх гульняў у Кракаве. Мінулыя гульні праходзілі ў Мінску і іх адкрываў Лукашэнка

Сёння ў польскім Кракаве адкрываюцца ІІІ Еўрапейскія гульні, на якія арганізатары прынцыпова не дапусцілі ніякіх удзельнікаў ад афіцыйнага Мінска. Аднак беларуская дэлегацыя там усё ж ёсць, і яна дастаткова прадстаўнічая.

21.06.2023 / 21:35

Па запрашэнні міністра спорту і турызму Польшчы Каміля Бартнічука і аргкамітэта спаборніцтваў ва ўрачыстым адкрыцці прымае ўдзел намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка.

Таксама ў складзе беларускай дэлегацыі, запрошанай на цырымонію ў Кракаў, — славутыя беларускія спартсмены і дзеячы спорту, чэмпіёны і прызёры Еўрапейскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы: Аляксандр Хацкевіч, Сцяпан Папоў, Іван Ганін, Карына Казлоўская і іншыя.

Павел Латушка, падзякаваўшы арганізатарам цырымоніі, выказаў упэўненасць:

«Удзел беларускай дэлегацыі ў цырымоніі адкрыцця ІІІ Еўрапейскіх гульняў па афіцыйным запрашэнні краіны-арганізатара — крок, каб адасобіць лукашэнкаўскіх спартсменаў, якія падтрымліваюць прапаганду, ад беларускіх спарсменаў, якія адкрыта выказалі пратэст супраць злачынстваў рэжыму. Гэта выдатны прэцэдэнт для міжнародных спартыўных інстытутаў і арганізатараў спаборніцтваў. Спадзяемся, што ён стане прыкладам для іншых».

Пэўная іронія сітуацыі — у тым, што правядзенне папярэдніх, ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года рэжым Лукашэнкі здолеў здабыць для сябе. Яны прайшлі ў Мінску і былі задуманыя як буйная прапагандысцкая акцыя рэжыму з мэтай ягонай станоўчай прэзентацыі ў свеце.

Праўда, у выніку ўлады сутыкнуліся з нізкай цікавасцю да гэтых спаборніцтваў як унутры краіны, так і звонку. Разлікі на вялікія плыні замежных турыстаў не апраўдаліся, паколькі гэтыя спаборніцтвы ў міжнародным календары пакуль што не вельмі прэстыжныя. Усярэдзіне ж краіны ў грамадстве, хоць гэта яшчэ і не было вельмі заўважна вонкава, выспявалі пратэсныя настроі.

Беларускае грамадства абуджалася, і таму спробы непапулярнага кіраўніцтва падняць свой аўтарытэт праз арганізацыю маштабных міжнародных мерапрыемстваў мела хутчэй адваротны эфект. Людзей хутчэй абуралі вялікія выдаткі на яго без хоць бы якога ўзгаднення іх мэтазгоднасці з грамадствам, асаблівых жа плюсаў ад яго яны не бачылі.

У той жа час многім запомнілася цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Мінску, якая нечакана мела падкрэслена нацыянальны характар замест чаканага афіцыёзна-савецкага. 

Чытайце таксама:

Пагоня, Вітаўт, Шагал, Быкаў. Вы не паверыце, але ўсё гэта было на адкрыцці Еўрапейскіх гульняў ВІДЭА

 

Nashaniva.com