Абама не лічыць, што ў 2014 годзе свет недастаткова жорстка адрэагаваў на анэксію Крыма

Такую заяву Абама, які ўзначальваў амерыканскую адміністрацыю з 2008-га па 2016 год, зрабіў напярэдадні ў чацвер у інтэрв'ю Сі-эн-эн.

23.06.2023 / 13:20

Барак Абама. Фота: Win McNamee / Getty Images

44-ы прэзідэнт ЗША Барак Абама не лічыць, што ў 2014 годзе сусветная супольнасць спусціла Уладзіміру Пуціну з рук анэксію Крыма, недастаткова жорстка адрэагаваўшы на захоп паўвострава ці не прачарціўшы нейкіх прынцыповых «чырвоных ліній», піша Бі-бі-сі.

Такую заяву Абама, які ўзначальваў амерыканскую адміністрацыю з 2008-га па 2016 год, зрабіў напярэдадні ў чацвер у інтэрв'ю Сі-эн-эн.

Адно з пытанняў міжнароднага аглядальніка канала Крысціян Аманпур тычылася як раз ацэнкі заднім чыслом рэакцыі калектыўнага Захаду (у першую чаргу ЗША і Еўрасаюза) на абуральнае парушэнне Масквой міжнароднага заканадаўства.

Паводле Абамы, у 2014 годзе ўкраінская дзяржава была прынцыпова іншай — як і ўкраінская палітыка. І ў Крыме, і ў кантынентальнай частцы Украіны было дастаткова рускамоўных людзей, лаяльных Крамлю і ўспрымальных да расійскай прапаганды.

«Нам з Мэркель давялося прыкласці нямала намаганняў, каб пераканаць еўрапейскіх партнёраў увесці тыя санкцыі, што мы ў выніку ўвялі, і не даць Пуціну, захапіўшы Данбас, рушыць далей», — запэўніў Абама.

«Улічваючы, у якім стане знаходзілася тады Украіна і якія настроі пераважалі на той момант у Еўропе, я лічу, што мы цалкам стрымалі ўдар», — падсумаваў былы прэзідэнт.

Nashaniva.com