У Бярдзянску расіяне забілі двух 16-гадовых падпольшчыкаў

Тыгран Аганесян і Мікіта Ханганаў, двое хлопцаў 2006 года нараджэння, у перастрэлцы знішчылі расійскіх вайскоўца і паліцыянта, але і самі загінулі.

25.06.2023 / 23:59

Тыгран Аганесян незадоўга да смерці. Стопкадр відэа.

Гэта нагадвае раман «Маладая гвардыя», і адбылося не так далёка ад Краснадона, дзе адбывалася яго дзеянне.

Пра здарэнне, якое адбылося 24 чэрвеня, першым у сваім тэлеграм-канале паведаміў старшыня калабарацыйнага руху «Мы вместе с Россией» у Запарожскай вобласці Уладзіслаў Рогаў. Паводле яго слоў, 24 чэрвеня прыкладна ў 19.00, «калі насельніцтва адпачывала на гарадской набярэжнай», «двое баевікоў адкрылі агонь з аўтаматычнай зброі».

Як пазней паведамілі журналістам у аператыўных службах Запарожскай вобласці, «у Бярдзянску ў раёне парку імя Шміта ў 19:15 двое ўзброеных аўтаматычнай зброяй хлопцаў адкрылі агонь».

На месца здарэння аператыўна прыбылі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраныз спраў і вайсковай паліцыі.

Супрацоўнікі сілавых структур выдалілі адпачываючых з набярэжнай, «каб пазбегнуць ахвяраў». Пасля чаго «стралкі былі абясшкоджаны на месцы».

Рогаў у сваім тэлеграм-канале паведаміў імя аднаго з тых, хто страляў: «Вядома, што адзін з іх раней быў затрыманы за антырасійскую дзейнасць, Тыгран Аганесян». Пазней стала вядома, што другі — аднакласнік Тыграна — Мікіта Ханганаў.

Пазней у сацыяльных сетках з'явілася відэа, якое запісаў сам Тыгран. Відаць, што ён з аўтаматам і ў тактычных пальчатках.

На відэа хлопец кажа: «Усё, гэта смерць, пацаны. Прабачце мне. Слава Украіне!». На гэтым запіс спыняецца.

25 чэрвеня паўнамоцны прадстаўнік Вярхоўнай Рады Дзмітрый Лубінец паведаміў, што Аганесян і Халганаў уступілі ў бой з акупантамі. Яны застрэлілі расійскіх вайскоўца і паліцыянта, але і самі загінулі.

Гэты эпізод паказвае, наколькі народнай стала вайна супраць расійскіх захопнікаў нават на самых русіфікаваных і шматэтнічных тэрыторыях поўдня Украіны, якія расіяне захапілі ў першыя дні агрэсіі, у лютым 2022-га.

Пра Тыграна Аганесяна СМІ пісалі і раней. Атрымала розгалас паведамленне аб яго затрыманні 30 верасні 2022 года. Як расказвалі журналістам відавочцы, дадому да падлетка прыехалі на васьмі машынах, перавярнулі там усё дагары нагамі і забралі ўсе гаджэты і носьбіты інфармацыі.

Следчыя дапытвалі Тыграна з ужываннем сілы і электратоку. Яны хацелі, каб хлопец прызнаўся ў падрыхтоўцы дыверсіі на чыгунцы.

Праз пяць дзён, пасля розгаласу ў СМІ, Тыгран быў вызвалены з умовай штодзённай яўкі ў мясцовыя праваахоўныя органы.

Мікіту Ханганаву тады ўдалося пазбегнуць арышту, але пасля ён таксама быў вымушаны штодня зʼяўляцца да следчых і ўдзельнічаць у следчых дзеяннях.

24 мая гатага году абодвум падлеткам выставілі абвінавачанне па артыкуле 281 Крымінальнага кодэксу Расіі, які прадугледжвае пакаранне ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Падлеткаў чакаў паказальны суд.

Як паведамляецца, у абвінавачанні адзначаецца, што ў пачатку верасня 2022 года хлопцы пашкодзілі чыгуначнае палатно, каб перашкодзіць пастаўкам узбраенняў расійскай арміі.

У чэрвені гэтага года Еўрапарламент запатрабаваў ад расейскіх уладаў спыніць працэс супраць падлеткаў і дазволіць ім акупаваную тэрыторыю.

За дзень да перастрэлкі хлопцаў ізноў выклікалі ў аддзяленне паліцыі. За паўгадзіны да таго, як следчы патэлефанаваў бацькам аб тым, што падлеткі загінулі, з Тыгранам размаўляла маці. Ён сказаў ёй, што яны гуляюць з Мікітам і думаюць, як адсвяткаваць Мікітаў дзень нараджэння. 25 чэрвеня хлопцу павінна было споўніцца 17 гадоў. Магчыма, пасля вызвалення Бярдзянска ўдасца вызначыць, што адбылося за тыя паўгадзіны. Бярдзянск, порт на Азоўскім моры ў Запарожскай вобласці, як і Мелітопаль, могуць стаць галоўнымі мэтамі ўкраінскага контрнаступу.

Чытайце яшчэ:

У выніку ўварвання Расіі ва Украіну загінула як мінімум 485 дзяцей

Аляксей Талай прызнаўся, што вываз украінскіх дзяцей у Беларусь ухваліў асабіста Лукашэнка

Антось Жупран