Украіна больш не з'яўляецца суверэннай дзяржавай — Орбан

Прэм'ер-міністр Венгрыі заявіў, што Украіна больш не з'яўляецца суверэннай дзяржавай, бо стала залежнай ад падтрымкі Захаду.

27.06.2023 / 13:38

Прэм'ер Італіі Джорджа Мелоні скептычна глядзіць на Віктара Орбана. Photo by Thierry Monasse / Getty Images

Прэм'ер-міністр Венгрыі заявіў, што Украіна больш не з'яўляецца суверэннай дзяржавай, бо стала залежнай ад падтрымкі Захаду. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Орбан казаў, што выступае за хутчэйшае спыненьне агню ва Украіне. Пры гэтым ён, з ягоных слоў, ведае, што кіраўніцтва Украіны імкнецца да вызвалення ўсіх акупаваных Расіяй тэрыторый.

«Але сапраўды важна тое, што хочуць рабіць амерыканцы. Украіна больш не з'яўляецца суверэннай дзяржавай. У іх няма грошай. У іх няма зброі. Яны могуць ваяваць толькі таму, што мы іх падтрымліваем на Захадзе. Таму калі амерыканцы вырашаць, што хочуць міру, свет будзе», — сказаў Венгерскі прэм'ер.

Орбан сказаў, што вера ў здольнасці Украіны выйграць вайну з'яўляецца поўным неразуменнем сітуацыі.

«Я думаю, што тое, як украінцы змагаюцца на перадавой, а мы падтрымліваем іх фінансава, інфармацыяй, інструментамі, і яны могуць выйграць вайну супраць Расіі — гэта няправільнае разуменне сітуацыі. Гэта немагчыма … Я кажу пра канец вайны, і праблема ў тым, што ва ўкраінцаў скончацца салдаты раней, чым у расейцаў, і гэта будзе вырашальным фактарам», — сказаў Орбан.

Ён запэўніў, што не хоча здацца чалавекам, «які не спадзяецца, што ўкраінцы маюць шанец выжыць». «Але я стаю на глебе рэальнасці. А рэальнасць такая, што супрацоўніцтва паміж Украінай і Захадам правалілася», — лічыць венгерскі прэм'ер.

Орбан лічыць, што адзіны спосаб выратаваць украінцаў — гэта пачаць перамовы з расейцамі, дамовіцца аб архітэктуры бяспекі «і знайсці месца для Украіны ў гэтай новай архітэктуры бяспекі».

У канцы інтэрв'ю Орбан адзначыў, што толькі ўкраінцам прымаць рашэнне аб вайне, паколькі «гэта выключна справа ўкраінскага народа».

«Таму я б параіў ім рабіць менавіта тое, што лепш для іх. Але што для іх лепш за ўсё, яны павінны вызначыць самі. Ніхто іншы не можа вызначыць гэта. Таму што яны з'яўляюцца незалежнай, ганарлівай нацыяй і краінай», — сказаў Орбан.

Орбан таксама заявіў, што ўважае за няважную падзею мяцеж прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера» ў Расіі.

Nashaniva.com