Грузія забараняе, а Літва ўзмацняе кантроль. Набыць машыну са Штатаў стане яшчэ складаней

З 1 жніўня на тэрыторыі Грузіі забаронены рээкспарт у Расію і Беларусь транспартных сродкаў, імпартаваных з ЗША. А літоўская мытня пачала больш пільна сачыць за тым, каб аўтамабілі, набытыя беларусамі ў Штатах, потым не апынуліся ў Расіі.

03.08.2023 / 12:16

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Шлях праз Грузію — закрыты

Да 25 верасня з Грузіі ў РФ і Беларусь яшчэ можна будзе экспартаваць аўтамабілі, у дачыненні да якіх дамова куплі-продажу была аформлена да 25 чэрвеня. Пасля рээкспарт аўто з Грузіі ў Расію і Беларусь стане немагчымы.

Цікава, што аўтамабілі з'яўляюцца трэцім па велічыні экспартным таварам Грузіі ў РФ. За 6 месяцаў 2023 года з Грузіі ў Расію было экспартавана агулам 3786 аўтамабіляў на суму 53 мільёны даляраў. У гадавым вылічэнні экспарт вырас на 274%.

Але, калі паглядзець на апублікаваную Грузіяй статыстыку, то можна ўбачыць, што значны рост экспарту аўто назіраецца і ў іншыя краіны ЕАЭС. Так, напрыклад, на першым месцы па агульнай сумме ідзе Кыргызстан з 236 мільёнамі даляраў. Столькі каштавалі 5840 адзінак тэхнікі, якія за 6 месяцаў бягучага года экспратавалі ў гэтую краіну.

Сярэдні кошт імпартаванага аўтамабіля з Грузіі ў Кыргызстан складае 40 410 даляраў ЗША! Гэта дае падставы меркаваць, што прынамсі частка гэтых машын толькі размытневалася праз Кыргызстан, а далей накіроўвалася ў РФ. Рост экспарту аўто з Грузіі ў Кыргызстан склаў 1673%.

З 26 верасня з тэрыторыі Грузіі таксама будзе забаронены рээкспарт у Беларусь і РФ машын, імпартаваных з ЕС. Гэта прадугледжана 11-м пакетам санкцый.

Абяцанне не перапрадаваць аўто ў РФ

Таксама, як стала вядома «Нашай Ніве», літоўская мытня з 1 жніўня ўзмацніла кантроль за тым, каб аўтамабілі набытыя беларусамі ў Штатах, выкарыстоўваліся ў Беларусі, а не былі перапраданымі ў РФ.

У сувязі з новым пакетам санкцый, мытня Літвы апроч інвойса на аўто цяпер патрабуе дадатковыя дакументы.

Гэта пацвярджэнне аплаты, копія пашпарта пакупніка. Даныя плацельшчыка мусяць супадаць з канчатковымі данымі кліента, які пазначаны ў інвойсе. 

Апроч гэтага ад уладальніка транспартнага сродку цяпер патрабуюць напісаць ліст, дзе той абавязваецца не прадаваць аўто ў Расію пасля вывазу транспарту з ЕС і пацвярджае, што транспартны сродак набыты для прыватнага выкарыстання на тэрыторыі Беларусі.

Чытайце таксама:

Машына як віно. Чаму ў Беларусі растуць цэны на аўтамабілі родам з нулявых 

Ці згнілі Geely? Колькі каштуюць і як выглядаюць патрыманыя беларуска-кітайскія аўто

У Расіі вырасце ўтыльзбор на аўто — закране і беларускіх аўтаперагоншчыкаў

Nashaniva.com