Знайдзіце 10 адрозненняў. У летняй калекцыі «Элемы» заўважылі плагіят

Elema, як выглядае, скапіявала касцюм вядомай беларускай дызайнеркі. Расказваем падрабязнасці.

07.08.2023 / 16:42

У летняй калекцыі Elema мы заўважылі касцюм са штанамі, які цалкам нагадвае двойку вядомага беларускага брэнда Kardash.

Фота: інстаграм брэнда Elema

Адрозніваецца ён ад арыгінала размяшчэннем кішэняў на жакеце і поясам штаноў — у Kardash ён на гумцы, у «Элемы» — на поясе. Асноўныя канструктыўныя элементы, а таксама колер, скапіяваны адзін ў адзін.

Фота: інстаграм брэнда Kardash

Вольга Кардаш, якой належыць ідэя касцюма, падзялілася сваімі думкамі датычна такога «супадзення»:

 — У гэтай гісторыі непрыемныя дзве рэчы. Першая — што, у адрозненне ад невялікіх брэндаў, у якіх няма дызайнераў і якія «заточаныя» на продаж копій, у «Элемы» дызайнерская каманда ёсць. Пры гэтым, на прадпрыемстве настолькі дрэнна з крэатывам, што яны крадуць усю ідэю цалкам: ад самой мадэлі да каляровай гамы. Шкада, што брэнд, які меў патэнцыял, не развіваецца і штампуе чужое. Мне за іх сумна.

Другая непрыемная рэч, якую згадвае Вольга — заробак. Капіюючы чужыя ідэі, вялікі вытворца не спяшаецца выплочваць аўтарскі ганарар сапраўднаму дызайнеру.

— Прадпрыемства зарабляе на маёй ідэі, думаючы, што ніхто гэтага не заўважыць. Крыўдна, але гэтую сітуацыю я ніяк выправіць не магу. Да таго ж «Элема» — толькі вяршыня айсберга, і выпадкаў плагіяту за гісторыю існавання майго брэнда было шмат. Адзін раз я спрабавала прыняць меры, але гэта скончылася нерваваннем. Зараз я стаўлюся да сітуацыі па-філасофску — вырашыла, што не буду ўлазіць у гэтыя разборкі. 

Шматгадовы досвед працы ў fashion-бізнэсе дапамагае Вользе глядзець на крадзеж яе мадэлей з іншага, больш пазітыўнага боку:

— Спачатку, калі ўзнікалі такія сітуацыі, мяне гэта хвалявала. Але зараз я стаўлюся да капіявання як да кампліменту. У канчатковым выніку нашая розніца з плагіатарамі ў тым, што яны не могуць нічога прыдумаць, а магу. І прыдумляю.

Мы адправілі запыт на каментар у маркетынгавую службу «Элемы», а таксама напісалі ў інстаграм брэнда. Прадстаўнікі кампаніі пакуль не адказалі на наш запыт.

Чытайце таксама:

Вядомы дызайнерскі брэнд перапрадаваў рэчы з H&M? Скандал у беларускай модзе

Пяць рэчаў, якія псуюць любы вобраз

Якія колеры будуць актуальныя гэтай восенню. Інстытут Pantone вызначыў галоўныя адценні сезона

Кацярына Гардзеева