За месяц продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зменшыліся на 20%

Продажы легкавых аўтамабіляў у ліпені ў параўнанні з чэрвенем зменшыліся на 20,7%: 1627 штук супраць 2051 адзінкі. Але ў параўнанні з ліпенем 2022-га колькасць рэалізаваных машын павялічылася больш чым удвая, гаворыцца ў свежай справаздачы Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА).

08.08.2023 / 20:51

У цэлым у студзені-ліпені рэалізавалі 9673 новыя легкавыя машыны. Значную частку рынку, як і раней, займае брэнд Geely, нягледзячы на тое, што яго доля зменшылася да 71,0% па выніках продажаў ліпеня і да 75,6% па выніках сямі месяцаў бягучага года.

Пры гэтым марка ўсё гэтак жа захоўвае лідарскія пазіцыі (у ліпені было прададзена 1 155 аўтамабіляў Geely). На другім месцы Lada (218 рэалізаваных асобнікаў), на трэцім радку размясцілася Audi (65 аўто).

Тры новыя аўтабрэнды (Exeed, Voyah і FAW), якія прыйшлі ў першым паўгоддзі, не аказалі істотнага ўплыву на ўсплёск актыўнасці спажыўцоў, адзначаецца ў справаздачы.

«У другім паўгоддзі мы чакаем з'яўлення на рынку новых гульцоў, якія прадставяць патэнцыйна цікавыя для пакупнікоў мадэлі», — расказаў член праўлення БАА Сяргей Самойла.

Раней паведамлялася, што продажы новых легкавых аўто ў студзені-чэрвені знізіліся на 23,5% у параўнанні з першай паловай 2022 года. Таксама ў БАА адзначалі, што на фоне санкцый продажы машын прэміум-сегменту працягваюцца. Напрыклад, у Беларусі купляюць прэміумныя аўто брэндаў BMW, Lexus, Land Rover, Toyota, Mercedes і іншых.

У цэлым значна пашырыўся асартымент мадэляў. Калі ў канцы восені 2023 года аўтадылеры прапаноўвалі іх менш за тры дзясяткі, то летам 2023-га мадэляў стала ўжо больш за 40.

Nashaniva.com