У Нямеччыне напалі на дзяцей, якія размаўлялі па-ўкраінску. 10-гадовага хлопчыка скінулі з моста

Здарэнне адбылося ў горадзе Айнбек у Ніжняй Саксоніі мужчына напаў на групу дзяцей, бо яны размаўлялі на ўкраінскай мове, па факце замаху на забойства 10-гадовага ўкраінскага хлопчыка пачалося расследаванне.

02.09.2023 / 07:23

Ілюстрацыйнае фота. Вікіпедыя

Напад адбыўся 26 жніўня каля 18:40 у горадзе Айнбак, паведамляе «Украінская праўда».

Паводле вынікаў паліцэйскага расследавання, некалькі ўкраінскіх дзяцей знаходзіліся ў раёне моста, калі невядомы мужчына пачаў скардзіцца, што дзеці размаўляюць на ўкраінскай мове.

Ён загадаў ім размаўляць па-руску, а потым сказаў, што Украіна пачала вайну. На якой мове прамаўляў мужчына, не ўдакладнена.

Паводле паведамлення пракуратуры, мужчына нібыта пацягнуў дзяўчынку за валасы, а затым схапіў 10-гадовага хлопчыка і перакінуў яго праз парэнчы ў канал.

Хлопчык ударыўся аб жалезныя бэлькі, прымацаваныя да моста. Ён атрымаў траўмы галавы і левай нагі.

Калі хлопчык ляжаў у канале, невядомы зламыснік нібыта кінуў у яго пляшку, якая трапіла ў правае плячо. Пасля гэтага невядомы ўцёк.

Мужчына, якому прыкладна 40-45 гадоў, быў апрануты ў сінюю футболку, чорную кепку і джынсавыя шорты, яго шукаюць.

Генпракурор лічыць напад палітычна матываваным. Ён таксама адзначае, што нападнік размаўляў па-руску.

Nashaniva.com