У пасольстве Італіі ў Беларусі мяняецца пасол. Ці будзе ён уручаць даверчыя граматы Лукашэнку?

Пасол Італіі Марыа Бальдзі, як выконваў свае дыпламатычную місію больш за 5 гадоў, пакінуў пост у сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтвам. Замест яго прыедзе П'етра Тамаза Маркеджані.

17.10.2023 / 15:27

П'етра Тамаза Маркеджані. Фота: сацыяльныя сеткі

«Цяпер я перадаю эстафету новаму амбасадару Пʼетра Тамаза Маркеджані з усведамленнем таго, што зрабіў максімум — разам з усімі супрацоўнікамі амбасады для абароны інтарэсаў Італіі і развіцця адносінаў з Беларуссю», — напісаў у развітальным лісце Марыа Бальдзіні.

Разам з тым дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка напісаў у сваім тэлеграм-канале, што дыпламат прыбудзе не ў статусе пасла:

«Мы знаходзімся ў рэгулярным кантакце з МЗС Італіі. Пʼетра Тамаза Маркеджані прыбудзе ў статусе часова паверанага і не будзе ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку. Прынамсі такая дамоўленасць была з міністрам замежных справаў Італіі».

Прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна дадала, што дэмсілы заклікалі заходнееўрапейскіх партнёраў не ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку. І італьянскі дыпламат, які будзе часова павераным, будзе выконваць звычайныя функцыі пасла без уручэння даверчых грамат.

У пасольстве Італіі ў Мінску сказалі, што дыпламат яшчэ ў сталіцу Беларусі не прыбыў. 

П'етра Тамаза Маркеджані нарадзіўся ў Мілане ў 1967 годзе. Апошнім часам быў генеральным консулам Італіі ў Жэневе. Раней працаваў на консульскіх пасадах у Маскве і Бруселі, цэнтральным апараце МЗС Італіі (адказваў за краіны Цэнтральнай і Паўночнай Еўропы). У 2007-м стаў кавалерам ордэна «За заслугі перад Рэспублікай». 

Глядзіце таксама:

Італія замарозіла актывы расійскіх алігархаў на два мільярды еўра

Каманда Ціханоўскай у «пастаянным кантакце» з урадамі краін, дзе жывуць беларусы — Рыхтэр

У Офісе Ціханоўскай адрэагавалі на запрашэнне беларускага пасла на ўручэнне Нобелеўскай прэміі

Васіль Вашчыла