Беларуса прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за «экстрэмізм», але ён сядзіць у СІЗА

13 кастрычніка ў раённым судзе Жлобіна Аляксея Аўдзеева прызналі вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння.

27.10.2023 / 18:02

Аляксей Аўдзееў

Маладога чалавека абвінавацілі па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У пастанове, якую вынесла Наталля Качалава, фігуруюць два эпізоды «адміністраціўнага правапарушэння» з «экстрэмісцкай» скіраванасцю: падчас ператрусу ў Аляксея быў знойдзены друкаваны плакат, а таксама «УКантакце» знойдзеныя падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, якія ўлада прызнала «экстрэмісцкімі».

Паводле пастановы, Аляксея Аўдзеева аштрафавалі на 1110 рублёў з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Сам Аляксей на судзе не прысутнічаў. Ён знаходзіцца ў СІЗА праз тое, што яго абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

27 кастрычніка ў судзе Жлобінскага раёна адбыўся суд над Аляксеем, але ўжо па крымінальным артыкуле. Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава. Вынікі суда пакуль невядомыя.

Чытайце таксама:

Адразу пяць палітвязняў, асуджаных за ўдзел у акцыях пратэсту, выйшлі на волю

У Шклове вынеслі прысуд Дзянісу Хахлову. Яго Расія раней выдала Беларусі

Жыхара Бабруйска за сарваны чырвона-зялёны сцяг пакаралі «хіміяй»

Nashaniva.com