Самая вядомая баскетбалістка Латвіі можа застацца без абедзвюх ног

На мінулым тыдні ў Рызе прайшлі спаборніцтвы на Кубак Ульяны Сямёнавай. У турніры ўзялі ўдзел 10 каманд з чатырох краін — Латвіі, Эстоніі, Даніі і Венгрыі. Вось толькім сама легенда латвійскага баскетбола не змагла прысутнічаць на мерапрыемстве па стане здароўя, піша Delfi.lv.

31.10.2023 / 17:17

Ульянава Сямёнава. Publicitātes foto

Ульяна Сямёнава нарадзілася 9 сакавіка 1952 года ў сям'і старавераў з мястэчка Мядумі, што на мяжы з Літвой. Але мама нарадзіла яе ў літоўскім Зарасаі: бацьку Ларывону было прасцей завезці туды жонку, чым у Дзвінск (Даўгаўпілс). Прычым у ЗАГСе дзяўчынку памылкова запісалі Іўліяка.

З маленства Іўліяка (Ульяна) нароўні з дарослымі членамі сям'і працавала ў сельскай гаспадарцы. У першыя гады жыцця яна яшчэ не вылучалася велізарным ростам, аднак калі Сямёнава пачала хадзіць у школу, яна стала імкліва расці, і ў 13 гадоў дарасла да 190 см (у выніку дарасла да 210 см). Бацькі паказалі дачку дактарам, тыя прызналі яе цалкам здаровай.

З часам Ульяна стала самым высокім чалавекам не толькі ў сям'і, але і ва ўсёй вёсцы, таму яе адправілі ў Рыгу на конкурс для высакарослых людзей. Конкурс яна не выйграла, але дзяўчыну заўважылі баскетбольныя спецыялісты і прапанавалі ёй пераехаць у Рыгу. Сямёнава не хацела пакідаць дом, але яе пераканаў адзін з братоў, які заявіў, што так будзе лепш для яе.

Ульяна стала гуляць за славуты рыжскі ТТТ, у 16 гадоў упершыню выйграўшы чэмпіянат СССР. ТТТ з Сямёнавай стаў наогул непераможным. 

Ульяна Сямёнава. Фота: Stefania Passaro / Wikimedia Commons

За 20 гадоў у рыжскім клубе баскетбалістка стала 15-разовай чэмпіёнкай СССР, 11 разоў выйгравала Кубак чэмпіёнаў Еўропы, двойчы Алімпійскія гульні, тройчы чэмпіянат свету па баскетболе, 10 разоў чэмпіянат Еўропы.

Ульяна была адной з першых савецкіх спартсменаў, якія здолелі пагуляць за замежныя клубы. У 1987—1988 гадах яна гуляла за іспанскі «Тынтарэта», а ў 1988—1989 гадах за французскі «Аршы». У 1989 годзе Сямёнава скончыла гульнявую кар'еру.

У 1989—1992 гадах Ульяна была віцэ-прэзідэнтам Латвійскага НАК. З 1991 года была старшынькай Алімпійскага сацыяльнага фонду Латвіі.

У 1993 годзе Ульяна Сямёнава стала першай з савецкіх баскетбалістак, якая была ўключана ў Залу славы баскетбола ў Спрынгфілдзе, у 1999 — у аналагічную залу жаночага баскетбола ў штаце Тэнэсі, у 2007 — у Залу славы Міжнароднай федэрацыі баскетбола ў Іспаніі (FIBA).

Ульяна Сямёнава была прызнана найлепшай баскетбалісткай Латвіі XX стагоддзя і найлепшай цэнтравой у гісторыі савецкага баскетбола.

Вось толькі са здароўем у жанчыны вялікія праблемы. Спачатку яна перанесла аперацыю на сэрцы, а ўвесну мінулага года ёй пасля аскольчатага пераломау ампутавалі нагу і, магчыма, прыйдзецца ампутаваць другую.

Ульяна Сямёнава можа перасоўвацца выключна на інвалідным вазку, таму выхад з дому — гэта вялікая праблема.

За Сямёнавай прыглядае і дапамагае сваячка. Наколькі гэта магчыма, Ульяна перасоўваецца па кватэры ў інвалідным вазку, але выйсці на вуліцу няма магчымасці.

«Больш ляжу і сяджу, не магу выйсці на вуліцу. На мыліцах перасоўвацца не магу, бо патрэбен пратэз, але і ён мала дапаможа, б іншая нага занадта слабая і з цяжкасцю вытрымлівае маю вагу. Калісьці тая нага была зламаная, праапераваная, косткі былі раздробненыя, яе зноў сабралі. Цяпер у мяне ёсць спецыяльны пратэз, каб я магла стаяць», — распавядала былая спартоўка, адзначаючы, што адзіны спосаб перасоўвацца — гэта інвалідны вазок.

Але, кажа баскетбалістка, яна працягвае сачыць за ўсімі спартыўнымі навінамі, і гэта добры спосаб бавіць час — глядзець тэлевізар, каб быць у курсе спартыўных падзей. Яе цікавіць не толькі баскетбол, але і валейбол, хакей і лёгкая атлетыка.

Сямёнаву парадавалі апошнія поспехі латвійскіх баскетбалістаў-мужчынаў, якія ўпершыню прабіліся на чэмпіянат свету і адразу заваявалі 5-е месца сярод 32 камандаў.

Чытайце таксама:

Баскетбалістка Кацярына Сныціна зрабіла камінг-аўт

Былы гулец НБА памёр ва ўзросце 42 гадоў

Прадстаўнікі клуба «Голдэн Стэйт» згулялі ў баскетбол з вязнямі турмы «Сан-Квенцін». Асуджаныя перамаглі

Nashaniva.com