У лесе Мядзельскага раёна знойдзены мёртвым 30-гадовы мужчына

У лесе паміж курортным пасёлкам Нарач і аграгарадком Нарач днём 18 лістапада пошукавая група мядзельскай міліцыі знайшла загінулым 30-гадовага мужчыну, піша Kraj.by.

19.11.2023 / 13:01

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Сяргей Зянько / Kraj.by

Мужчына пражываў у курортным пасёлку Нарач разам з былой жонкай і чатырохгадовым дзіцем.

У пятніцу, 17 лістапада, ён пайшоў з дому ў невядомым напрамку і каля 14:00 перастаў выходзіць на сувязь. З сабой ён узяў партфель, пашпарт і банкаўскую картку, распавёў старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Мядзельскага РАУС Андрэй Кайко.

Міліцыя склала арыенціроўку, мужчыну абвясцілі ў вышук і пачалі пошукі.

Цела ў лясным масіве знайшла пошукавая група супрацоўнікаў мядзельскай міліцыі 18 лістапада каля 12:30. Бачных слядоў гвалту на яго целе не выяўлена.

Праверку праводзіць Следчы камітэт. Прычыну смерці выявіць судова-медыцынская экспертыза. Папярэдняя прычына смерці — суіцыд.

Nashaniva.com