«Аднавіць абмен рэчываў і бялковых складнікаў». У Беларусі тэсціруюць вакцыну ад запояў

На прадпрыемстве «БелВітуніфарм» у Віцебскай вобласці ў лабараторыі тэсціруюць вакцыну ад запояў. Мяркуецца, што пасля прышчэпкі арганізм чалавека зможа супрацьстаяць вялікім дозам алкаголю. Пра гэта на тэлеканале «Беларусь 1» расказаў генеральны дырэктар «БелВітуніфарм» Сяргей Бальшакоў.

29.11.2023 / 17:40

Паводле слоў Сяргея Бальшакова, па тэхналогіі вакцына павінна дапамагчы аднавіць абмен рэчываў у арганізме пасля вялікіх доз алкаголю. 

«Мы гаворым пра тэхналогію, якая дазваляе аднавіць абмен рэчываў і бялковых складнікаў. Гэта значыць, мы не гаворым пра тое, што мы змагаемся з традыцыямі прыняцця алкаголю на дні нараджэння, на Новы год і гэтак далей. З гэтым мы не збіраемся змагацца, з гэтым ужо Гарбачоў змагаўся, вынік мы ведаем. Мы кажам пра тое, што хочам дапамагчы чалавеку фізіялагічна пераносіць наступствы алкагольнага ўжывання», — расказвае Бальшакоў.

Пакуль што вакцына знаходзіцца на этапе лабараторнай распрацоўкі і выпрабаванняў. На людзях яна яшчэ не тэставалася.

Сама ж ідэя ў навукоўцаў узнікла нібыта пасля таго, як у склад «БелВітуніфарм» было перададзена сельгаспрадпрыемства, работнікі якога былі «разумнымі і пісьменнымі», але «крыху гублялі свае кампетэнцыі і не маглі выстаяць перад зялёным змеем».

«БелВітуніфарм» вырабляе вакцыны, сыроваткі і фармакалагічныя ветэрынарныя прэпараты. Сярод іншага там распрацоўваюць беларускую вакцыну ад COVID-19 і ўжо стварылі доследную партыю супрацьвіруснай вакцыны.

Чытайце таксама:

Як лечаць у ЛПП і навошта яны дзяржаве

«Табе да дома 440 кіламетраў». Таксіст распавёў пра кліента з Гомеля, які не разумеў, як апынуўся ў Полацку

Пад Гроднам ліквідавалі падпольны бровар, на якім самагонку настойвалі ў дубовых бочках

Nashaniva.com