Колькасць загінулых у выніку ўдару па Белгарадзе вырасла да 22

Удар 30 снежня па цэнтры расійскага прыгранічнага абласнога цэнтра назвалі адказам на расійскія атакі па Украіне.

31.12.2023 / 08:13

Белгарад пасля ўдару. Фота: тэлеграм-канал губернатара Гладкова

Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў паведаміў раніцай, што цяпер вядома пра 22 загінулыя, з іх трое — дзеці. Яшчэ 109 параненыя (з іх 25 з цяжкімі раненнямі). 

Удар з ракетных сістэм прыйшоўся па цэнтральнай частцы Белгарада. Адказнасць за яго ўзялі Сілы абароны Украіны.⠀

Вайсковае ведамства Расіі заявіла, што горад абстралялі дзвюма ракетамі «Альха» з касетнымі боепрыпасамі і рэактыўнымі снарадамі РСЗА Vampire.

Сцвярджалася, што ракеты былі збітыя, як і большасць рэактыўных снарадаў. 

«У выпадку прамога пападання ракет «Альха» з касетнымі боепрыпасамі па горадзе наступствы былі б невымерна цяжэйшыя», — гаварылася ў паведамленні.

Мінабароны РФ заявіла, што мэта атакі — адцягнуць увагу ад параз на фронце і справакаваць на адказ. Таксама ведамства ў чарговы раз цынічна паўтарыла, што Узброеныя сілы Расіі працуюць толькі па вайсковых аб'ектах і звязанай з імі інфраструктуры. 

Расія ў адказ стала бамбіць Харкаў.

Nashaniva.com