Латвія будзе ўмацоўваць мяжу з Беларуссю

Сёлета неабходна працягнуць работу па ўмацаванні нацыянальнай бяспекі, заявіў прэзідэнт краіны Эдгар Рынкевіч у інтэрв'ю праграме «Ранішняя панарама», піша Delfi.lv.

03.01.2024 / 16:18

Эдгар Рынкевіч. Bebeto Matthews / AP

Адным з прыярытэтаў Рынкевіч назваў умацаванне ўсходняй мяжы не толькі з Беларуссю, але і з Расіяй.

Па словах прэзідэнта, усходняя мяжа таксама павінна быць умацавана з гледзішча ваеннай інфраструктуры, паколькі плот сам па сабе не абароніць ад сур'ёзнай ваеннай небяспекі. «Плот прызначаны для прадухілення гібрыднай пагрозы», — указаў Рынкевіч.

Ён дадаў, што сёлета неабходна працаваць над укараненнем сістэмы грамадзянскай абароны.

Рынкевіч таксама звярнуў увагу на першачарговую важнасць павелічэння фінансавання сістэмы ўнутраных спраў.

Гаворачы аб планах на гэты год, прэзідэнт не выключыў, што вылучыць якія-небудзь заканадаўчыя ініцыятывы, аднак пакуль не стаў раскрываць, якія менавіта.

«Я магу толькі сказаць, што буду дзейнічаць у рамках трох прыярытэтаў, якія я аднойчы пазначыў у сваім выступе ў Сейме ў дзень інаўгурацыі пры ўступленні на пасаду — бяспека, адукацыя і канкурэнтаздольнасць», — растлумачыў Рынкевіч.

Nashaniva.com