Ханок: Саладуха купіў у мяне ў 1992 годзе песню «Здравствуй, чужая мілая» за 25 тысяч даляраў

Беларускі кампазітар назваў свой самы вялікі ганарар за песню.

10.01.2024 / 08:58

Эдуард Ханок. Фота: Belarus.kp.ru

Народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, чые хіты «Малінаўка», «Завіруха», «Я ў бабушкі жіву», «Здравствуй, чужая мілая», «Вы шуміце, бярозы» спявае ўжо не адно пакаленне, распавёў у ток-шоу «100 пытанняў даросламу» на «Беларусь 1» пра самы вялікі ганарар за сваю песню, заўважыла «Камсамолка».

— Гэта праўда, што вы вельмі багаты чалавек? — пацікавіўся ў маэстра юны госць студыі.

— Гэта няпраўда, гэта паўпраўда. Я заможны чалавек. Багатыя — гэта зусім іншая гісторыя, якая мне не пагражае. А вось тое, што я заможны, гэта вельмі добра, бо табе не трэба шукаць грошы: дастаў з шафы, колькі табе трэба, і ўсё. Я нармальны сярэдні забяспечаны чалавек.

Адкуль узяліся грошы ў шафе, Эдуард Ханок таксама не стаў хаваць — у Савецкім Саюзе плацілі фантастычныя, па яго словах, аўтарскія.

А вось самі песні Мінкульт купляў, як выказаўся кампазітар, «літаральна за капейкі — 120 рублёў, 200 і гэтак далей». А свой самы вялікі ганарар за песню ён атрымаў ужо пасля распаду СССР — у 1992 годзе, калі напісаў хіт «Здравствуй, чужая мілая».

— Аляксандр Саладуха купіў у мяне песню за 25 тысяч даляраў. Гэта самы вялікі ганарар, — прызнаўся Ханок.

У гэтай песні на вершы Леаніда Татаранкі паўвекавая гісторыя. Першым песню выканаў вельмі папулярны ў свой час спявак Мікалай Шчукін. Аўтарам музыкі быў Анатоль Гарчынскі. У канцы 70-х шлягер падхапіў адзін з заснавальнікаў рускага шансона Аркадзь Северны, а ў 80-я «Чужую мілую» спявалі многія спевакі-эмігранты… але Эдуард Ханок, які і не хавае, што не ён першым напісаў музыку да «Чужой мілай», лічыць што яго «Чужая мілая» аказалася ні не горш за песні Гарчынскага, які меў прэтэнзіі ў беларускаму кампазітар і, як успамінаў Аляксандр Саладуха, падчас Дзён культуры Украіны ў Беларусі наехаў на Ханка: маўляў, я першы напісаў мелодыю песні. А той адказаў з усмешкай: на любыя вершы я магу напісаць сваю мелодыю. На тым канфлікт і скончыўся.

І ўсё ж не гэты хіт у выкананні Саладухі прынёс кампазітару больш за ўсё грошай. Дзякуючы аўтарскім адлічэнням, больш за ўсё Ханок зарабіў на сваім зімовым хіце «Потолок ледяной».

— «Потолок ледяной, дверь скріпучая…» ужо 51 год упрыгожвае ўсе зімовыя святы, — распавёў ён.

І згадаў, як выканаўца гэтага хіта Эдуард Хіль жартаваў на ўрадавых канцэртах і замест «А з окон порог сіні, сіні» спяваў «а з вокнаў Ханок сіні, сіні».

— Але тады мяне яшчэ ніхто не ведаў, я толькі пачынаў. Таму што парог, што Ханок было ўсё роўна, — усміхнуўся Эдуард Сямёнавіч.

Песня раптоўна змяніла жыццё кампазітара. «Я жыў з жонкай у Крывым Рогу і адразу з двухпакаёвай кватэры пераехаў у чатырохпакаёвую двухпавярховую на беразе Дняпра ў Днепрапятроўску. Вось што азначала ў СССР трапіць у «Песню года» на ЦТ!», — распавядаў ён.

Чытайце таксама:

Эдуард Ханок распавёў, як жыве сам і як жыве ў Ізраілі яго дачка

«Малінавая Лада». 83-гадовы кампазітар Ханок спяваў дзецям рускую папсу ВІДЭА

Хто складаў беларускі бамонд 1990-2000-х і што сталася з гэтымі людзьмі

Nashaniva.com