У часе атакі на аэрадром «Сакі» УСУ ліквідавалі намесніка камандзіра штурмавога авіяцыйнага палка

У часе ўдару Узброеных Сіл Украіны па вайсковым аэрадроме «Сакі» каля Еўпаторыі быў ліквідаваны падпалкоўнік арміі РФ Аляксандр Чарнабрывы. Гэты расійскі абʼект быў атакаваны УСУ ў ноч з 5 на 6 студзеня.

14.01.2024 / 12:59

Пра гібель намесніка камандзіра 43-га асобнага марскога штурмавога авіяцыйнага палка паведаміў афіцэр УСУ Анатоль Штэфан «Шцірліц». 

Гэта расейскае падраздзяленне знаходзіцца ў складзе Чарнаморскага флоту РФ і дыслакуецца на аэрадроме «Сакі». Полк мае самалёты Су-30СМ і Су-24М. 

Паблізу Еўпаторыі ў акупаваным Крыме ўвечары 5 студзеня прагрымела каля 10 выбухаў. Быў атакаваны ваенны аэрадром «Сакі» ў Навафёдараўке. У выніку гэтай атакі быў знішчаны пункт кіравання, пішуць украінскія СМІ.

Nashaniva.com