Супрацоўніка мытні асудзілі за ўдзел у адным з маршаў 2020 года

У судзе Ленінскага раёна Мінска 21 снежня 2023 года асудзілі Віталя Пупіна паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марына Клімчук прызначыла супрацоўніку мытні два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), піша «Вясна».

18.01.2024 / 18:25

Віталь Пупін. Фота з ягоных сацсетак 

Жыхара Фаніпаля абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы адзінства 6 верасня 2020 года і ў выхадзе на праезную частку. Мужчыну ўтрымлівалі пад вартай з 3 лістапада 2023 года, а пасля абвяшчэння прысуду вызвалілі ў залі суда. Ён цалкам прызнаў віну.

Асноўнымі доказамі па справе з'яўляюцца фотаздымак з Марша, даныя мабільнага аператара аб знаходжанні абаненскага нумара і паказанні самога абвінавачанага. Падчас ператрусу дома ў супрацоўніка мытні выявілі майку фіялетавага колеру, у якой яго апазналі на фотадымку з пратэсту. Пасля прысуду майку вярнулі. 

Віталь Пупін скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, у судовай пастанове пазначана, што на момант вынясення прысуду мужчына працуе начальнікам сектара мытнага дэкларавання ў таварыстве з дадатковай адказнасцю. Мае на ўтрыманні няпоўнагадовую дачку.

Чытайце таксама:

Магілёўскага журналіста Алеся Сабалеўскага прызналі палітвязнем

Прысуд удзельнікам Tor Band пакінулі без зменаў

У Драгічыне брутальна затрымалі 6 чалавек, адзін з іх трапіў у рэанімацыю

Nashaniva.com