Літва абвінаваціла беларускіх памежнікаў у незаконным парушэнні мяжы на два з паловай метры

Інцыдэнт адбыўся ў раёне заставы Пушкас.

23.01.2024 / 15:57

Ілюстрацыйнае фота

У аўторак Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САМДЛ) паведаміла, што напярэдадні ў Ігналінскім раёне трое ўзброеных беларускіх памежнікаў зайшлі на тэрыторыю Літвы на адлегласць два з паловай метры, паведамляе LRT. Інцыдэнт адбыўся ў раёне заставы Пушкас.

Па даных Службы аховы края, падышоўшы да фізічнага бар'ера на літоўскім баку, яны павярнулі назад. Служба сцвярджае, што за тым, што адбываецца назіралі і кантралявалі літоўскія памежнікі, якія былі гатовыя адрэагаваць.

Паведамляецца, што беларускія службовыя асобы ішлі ўздоўж мяжы па сваёй заснежанай тэрыторыі ў раёне вёскі Вайцішкі Ігналінскага раёна Літвы. Беларусы, пад наглядам літоўскіх памежнікаў праз камеры, падышлі да разбуранага патрульнага моста, засыпанага снегам на іх баку, развярнуліся і перасеклі лінію мяжы.

«Пасля заходу на літоўскі бок беларусы пачалі хадзіць паміж устаноўленым фізічным бар'ерам, які перашкаджае далейшаму доступу ўглыб Літвы, і лініяй мяжы. Да гэтага месца неадкладна былі выкліканыя сілы памежнікаў заставы Пушкас, але паколькі інцыдэнт не атрымаў развіцця, у іх умяшанні не было неабходнасці», — гаворыцца ў паведамленні САДМЛ.

Nashaniva.com