У Бразіліі мужчына чатыры дні прахадзіў з куляй у галаве

21-гадовы Матэус Фасіу з Бразіліі чатыры дні пражыў з куляй у галаве. Хлопец займаўся сваімі справамі і толькі праз час зразумеў, што з ім нешта не так.

23.01.2024 / 17:13

Усё пачалося з таго, што 31 снежня Матэус прыйшоў на навагоднюю вечарыну. У нейкі момант ён пачуў гучны шум і адчуў рэзкі боль у галаве. З раны цякла кроў, але хлопец вырашыў, што хтосьці запусціў у яго каменем.

На вечарыне быў лекар, які дапамог спыніць кроў, а пасля Матэус проста прыклаў да раны лёд. Ён адсвяткаваў Новы год з сябрамі, пасля чаго праехаў 300 км да сябе дадому.

Ужо 3 студзеня бразілец, як звычайна, пайшоў на працу, затым паехаў у Рыа-дэ-Жанейра да сяброў. І толькі ў другой палове дня 4-га чысла ён зразумеў, што з ім нешта не так.

Пасля сну левая рука Матэуса прыкметна аслабла — ён не мог падняць нават лёгкія рэчы. Хлопец звярнуўся да лекара, і яму зрабілі МРТ. На тамаграфіі высветлілася, што крыніцай праблемы была куля, якая захрасла ў адной з некрытычных частак мозгу. Яе вынялі хірургічным шляхам.

Аперацыя прайшла паспяхова, і Матэус ужо знаходзіцца на шляху да поўнага выздараўлення.

Чытайце таксама:

Пенсіянерка з Бразіліі захапілася футболам у 91 год

Мужчына з Бразіліі цэлы год капаў яму ў сваім доме, бо яму прысніўся схаваны там клад

У Эквадоры цяпер хваляванні. Ці не ўзнікнуць з-за гэтага перабоі з бананамі?

Nashaniva.com