Удзельнікаў «Бі-2» могуць дэпартаваць у краіну выдачы пашпарта

Пяцёра з сямі музыкантаў з'яўляюцца грамадзянамі Расіі.

27.01.2024 / 13:59

Бі-2. Фота: АГН «Масква»

Музыкаў гурта «Бі-2» у найбліжэйшыя дні этапуюць у цэнтр часовага ўтрымання іміграцыйнага бюро каралеўскай паліцыі Тайланда для дэпартацыі, паведаміў РІА Навіны генконсул Расіі ў Пхукет Уладзімір Сасноў са спасылкай на іміграцыйныя ўлады правінцыі.

«Мы атрымалі сёння інфармацыю з упраўлення іміграцыйнай паліцыі правінцыі Пхукет аб тым, што ўдзельнікі групы «Бі-2», сем чалавек, этапаваныя ў цэнтр часовага ўтрымання іміграцыйнага бюро каралеўскай паліцыі Тайланда ў Бангкоку для наступнай дэпартацыі», — заявіў ён.

Паводле мясцовых законаў, дэпартацыя праводзіцца прамым авіярэйсам ў краіну выдачы пашпарта. У Беларусь прамыя самалёты з Тайланда не лётаюць.

Як удакладніў дыпламат, пяцёра з сямі музыкантаў з'яўляюцца грамадзянамі Расіі.

***

«Бі-2» затрымалі некалькі дзён таму пасля канцэрта. Паведамлялася, што яны выступалі без адпаведнага дазволу.

Учора стала вядома, што кожнага з удзельнікаў гурта аштрафавалі на 95 даляраў у эквіваленце. Усяго былі затрыманыя сем чалавек.

«Бі-2» быў створаны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і нязменныя ўдзельнікі — Шура Бі-2 і Лёва Бі-2. У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў, Макс Лакмус, Барыс Ліфшыц і Ян Нікаленка.

У маі мінулага года Мінюст Расіі ўнёс музыканта Ягора Бортніка (Лёва «Бі-2») у рэестр «інагентаў». У Мінюсце тады заявілі, што Бортнік выступаў супраць расійскага ўварвання ва Украіну, негатыўна выказваўся пра Расію, яе грамадзян і органаў дзяржаўнай улады.

Nashaniva.com